«Мяне прабіла на слёзы»
- 1,550
У сеціве завірусілася кранальнае відэа з гомельскага аўтобуса.
Некалькі дзён таму ў TikTok з'явілася відэа, знятае ў Гомелі. Аўтар злавіў кранальны момант: мужчыну, які задрамаў; на яго руках сядзіць шчанюк. З моманту публікацыі ў роліка ўжо больш за 1,5 мільёна праглядаў і 170 тысяч лайкаў. А пазней выйшаў на сувязь і герой роліка, адзначае «Онлайнер».
«Які ж добры пасажыр», — лаконічна падпісаў ролік аўтар. Відэа, дарэчы, доўжыцца ўсяго 15 секунд. Ніякага экшну ў кадры няма: падчас здымкі мужчына не адкрывае вачэй, затое трывала трымае свайго гадаванца. Шчанюк тым часам не спіць і пазірае на іншых пасажыраў.
@life091237love1 Які ж добры пасажыр #рэкамендацыі #Гомель ♬ арыгінальны гук — 𝐘𝐔𝐑𝐀╱𝐇𝐈𝐓𝐒
Апублікаваны ролік стаў хутка набіраць прагляды — сёння іх ужо 1,6 мільёна. Але самае цікавае адбываецца ў каментарыях, якіх на момант публікацыі больш за 5,5 тысячы. Некаторыя выказалі сумневы наконт здымак без дазволу, але абсалютная большасць засталася ў захапленні. Хтосьці нават шчыра прызнаўся: ад убачанага захацелася заплакаць.
«Людзі, якія любяць жывёл, — гэта добрыя людзі».
«А мяне на слёзы прабіла. Думка ў галаве: вось так усе простыя людзі жывуць, як могуць, стомленыя ад працы, ад дрэнных навін, ад перажыванняў блізкіх. Спіць мужчына стомлены, але трымаецца за адданага сябра. У сябра вочы даверлівыя: не плявае, ахоўвае».
«Якое мілае відэа за сённяшні дзень».
«Як жа я хачу, каб у гэтага мужчыны і ў яго гадаванца было ўсё добра, мілае відэа, нават найлепшае за апошні час. Аўтару дзякуй за гэты цудоўны ролік».
«Двое шчаслівых у гэтым бязлітасным свеце».
«Як яны абодва стаміліся, але якія мілыя, бачна, што шчанюк ахоўвае яго сон, галоўнае — не праспіце прыпынак».
Хтосьці выказаў здагадку, што невядомы пасажыр літаральна прачнецца знакамітым — так і сталася. Спачатку героя роліка пазнала калега, а крыху пазней адгукнуўся і ён сам.
Мужчыну завуць Міхаіл, а тую самую сабачку — Ірыска. «Дзякуй за відэа. Перапрацаваліся на дачы. Дзякуючы прабітай камеры веласіпеда еду на аўтобусе №20. Будзільнік зазвініць за 3 хвіліны да выхаду. Ірысцы 3 месяцы, са мной другі дзень. Яна яшчэ баязліўка і ўсяго баіцца», — напісаў мужчына ў каментарыях.