Генерал ЗША атрымаў страсенне мозгу пасля літра чачы ў Кіеве
8- 17.03.2026, 11:07
- 8,190
А затым згубіў сакрэтныя дакументы.
Падчас візіту ў Кіеў амерыканскі генерал Антоніо Агуто, адказны за каардынацыю падтрымкі Украіны, атрымаў страсенне мозгу пасля ўжывання чачы, а затым згубіў сакрэтныя дакументы.
Згодна з дакладам офіса генеральнага інспектара Міністэрства абароны ЗША, інцыдэнты адбыліся ў маі і красавіку 2024 года. Тады Агуто камандаваў Групай падтрымкі бяспекі Украіны (SAG-U) у Вісбадэне, каардынуючы навучанне і забеспячэнне Сіл абароны. Расследаванне абапіралася на ананімныя паведамленні інфарматараў і згадвала «таксічную» атмасферу ў штабе SAG-U, а таксама візіт генерала ва Украіну вясной 2024 года, як адзначыла New Voice.
13 мая 2024 года падчас візіту ў Кіеў генерал наведаў вячэрняе мерапрыемства і выпіў каля двух бутэлек грузінскай чачы. Пасля вячэры ён упаў і ўдарыўся галавой аб сцяну. Наступнай раніцай у яго была запланаваная сустрэча з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам, але, паводле сведчанняў, генерал выглядаў млявым і «не быў самім сабой».
Следства ўстанавіла, што падзенне адбылося з-за празмернага ўжывання алкаголю, аднак сам Агуто заяўляў, што «дзейнічаў добрасумленна» і меў вусны дазвол на ўжыванне.
Наступны інцыдэнт адбыўся 4 красавіка таго ж года падчас вяртання з Украіны ў Германію на чартарным цягніку. Генерал перавозіў камплект сакрэтных карт у цыліндрычнай тубе, але пасля паездкі выявіў іх знікненне. Па словах Агуто, ён бярэ на сябе адказнасць за часовую страту дакументаў, хоць фармальна не адказваў за іх перанос у цягнік і назад.
У жніўні 2024 года генерал перадаў камандаванне Групай падтрымкі бяспекі Украіны і пазней пайшоў у адстаўку.