Закрыццё аэрапортаў у Расіі прыносіць «Белавіі» велізарныя страты
5- 30.10.2026, 14:00
- 2,616
Самалёты кружаць, разварочваюцца і сыходзяць на запасныя аэрадромы.
Прадстаўнікі авіякампаніі «Белавія» правялі прэс-канферэнцыю, прысвечаную Дню работнікаў грамадзянскай авіяцыі. Спікеры расказалі пра запаўняльнасць рэйсаў, прапрацоўку новых накірункаў, а таксама адказалі на пытанні.
Адзін з іх закрануў магчымыя выдаткі авіякампаніі ў сувязі з закрыццём аэрапортаў у Расіі падчас атакі дронаў. У «Белавіі» пацвердзілі: выдаткі сапраўды ёсць.
— Парадак велічыні ацаніць складана, але гэта велізарныя сумы. Кожны выпадак, рэйс і сітуацыя — унікальныя. Рэйс можа кружаць у зоне чакання і спальваць паліва; доўгі час стаяць у аэрапорце, чакаючы вылету; рэйс, на жаль, могуць разгарнуць, і камандзір можа прыняць рашэнне вярнуцца ў базавы аэрапорт; таксама рэйс можа сысці на запасны аэрадром з усімі наступствамі, у тым ліку фінансавымі.
На жаль, у другой палове гэтага года гэта стала [адбывацца] усё часцей. Таму нам яшчэ трэба будзе падвесці фінансавыя вынікі і ацаніць уплыў сітуацыі на кампанію, — патлумачыла начальніца службы маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці авіякампаніі Кацярына Радышэўская.
У «Белавіі» падкрэслілі: гэтыя выдаткі кладуцца на авіякампанію, у той жа час робіцца ўсё магчымае, каб мінімізаваць колькасць затрыманых рэйсаў або час затрымкі.
— Гэта нашы сённяшнія рэаліі, і нам застаецца толькі рабіць усё магчымае, каб мінімізаваць нязручнасці для пасажыраў. Мы дзякуем за разуменне сітуацыі.
Нагадаем, на дадзены момант «Белавія» выконвае прамыя рэйсы ў 9 гарадоў Расіі: Масква, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Казань, Сочы, Екацярынбург, Мурманск, Махачкала, Уфа. Таксама пасля шасцігадовага перапынку авіякампанія адновіць палёты ў аэрапорт «Жукоўскі» Маскоўскай вобласці.