Беларуска Марыя Жодзік з’явілася на білбордах у польскім Беластоку
1- 12.10.2026, 14:39
- 4,278
Наша зямлячка — адна з самых паспяховых спартсменак Польшчы.
На вуліцах Беластока і ваколіц з’явіліся вялікія шчыты з выявай вядомай скакункі ў вышыню Марыі Жодзік. На білбордах спартсменка з заслужаным срэбным медалём чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў руках папулярызуе здаровы лад жыцця і новы гарадскі квартал, паведамляе «Радыё Рацыя».

Марыя Жодзік нарадзілася ў беларускіх Баранавічах. Яе прафесійны шлях у Беларусі быў паспяховы: у 2020 годзе яна стала чэмпіёнкай краіны і адабралася на Алімпіяду ў Токіа. Аднак з-за прынцыповай грамадзянскай пазіцыі і падпісання адкрытага ліста спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў чыноўнікі Лукашэнкі пазбавілі яе магчымасці выступіць на Алімпійскіх гульнях. Пазней спартсменка таксама адкрыта асудзіла ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны.
У 2022 годзе Марыя прыняла цяжкае рашэнне аб эміграцыі, каб уратаваць спартыўную кар’еру. Яна пераехала ў Польшчу і абрала сваім новым домам Беласток. Тут яна знайшла падтрымку, пачала трэніравацца ў клубе KS Podlasie Białystok пад кіраўніцтвам трэнера Паўла Вышыньскага і атрымала стыпендыю ад прэзідэнта горада. У сакавіку 2024 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда афіцыйна надаў беларусцы польскае грамадзянства. Сёння Марыя з’яўляецца афіцыйнай амбасандаркай спорту Беластока.
Білборды з’явіліся ў Беластоку не выпадкова: апошнія два гады сталі для спартсменкі па-сапраўднаму зорнымі. Спачатку Марыя вярнулася ў Токіа, куды яе не пусціў рэжым Лукашэнкі, і заваявала срэбра на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы 2025 года, узяўшы вышыню 2 метры пад польскім сцягам. А зусім нядаўна, у жніўні 2026 года, Жодзік пацвердзіла свой высокі клас у брытанскім Бірмінгеме, дзе заваявала срэбны медаль чэмпіянату Еўропы з вынікам 1,95 метра. Спартыўныя поспехі Марыі і праца яе трэнера былі афіцыйна адзначаныя ганаровымі ўзнагародамі ад уладаў горада.