12 верасня 2024, Чацвер, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Глазу з МЗС лепш маўчаць

4
Чаму Глазу з МЗС лепш маўчаць

Некалькі слоў пра цынічную заяву.

«Гэта ўдар па звычайных людзях. Цалкам зразумела, што найперш пацерпяць змешаныя сем'і, грамадзяне дзвюх краін, якія ездзяць да сваіх сваякоў, турысты з дзецьмі, падарожнікі і гэтак далей. Таму мы разглядаем гэты крок як бесчалавечны і антыгуманны», - так прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз адрэагаваў на пастанову ўладаў Латвіі забараніць уезд у краіну аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй.

У чымсьці чыноўнік мае рацыю: забарона ўдарыць найперш па простых грамадзянах. Аднак, ёсць ва ўсім гэтым некалькі тлустых «але», з-за якіх заява Анатоля Глаза выглядае цынічным здзекам, піша «Салiдарнасць».

Па-першае, пастанова Рыгі прадыктаваная санкцыямі Еўразвязу. Іх, як вядома не ўводзяць за прыгожыя вочы, такое трэба заслужыць. І ў гэтым людзі, якія ўтрымліваюць уладу ў Беларусі, дастаткова атрымалі поспеху.

Менавіта іх намаганнямі на галаву простых беларусаў сыплюцца ўсё новыя і новыя праблемы з суседзямі, якія небеспадстаўна будуюць агароджы на мяжы з нашай краінай.

Па-другое, бесчалавечным і антыгуманным з'яўляецца выкарыстанне мігрантаў у якасці жывой зброі ў гібрыднай вайне з нашымі суседзямі, у тым ліку і з Латвіяй. Большасць мігрантаў выкарыстоўваецца ўсляпую дзеля інтарэсаў вузкага кола людзей ва ўладзе.

Не гаворачы ўжо аб тым, што правакаванне мігранцкага крызісу само па сабе з'яўляецца адной з галоўных прычын увядзення санкцый.

І па-трэцяе, раз ужо камусьці захацелася папракнуць суседзяў у адсутнасці гуманізму, прэс-сакратару МЗС самому варта зірнуць у люстэрка. Бо прыкладаў бесчалавечнага і антыгуманнага стаўлення да ўласных грамадзян гаць гаці.

Змітра Дашкевіча будуць судзіць зноў, па тым жа артыкуле. Яго дзеці які год жывуць без бацькі. Як і дзеці Паліны Шарэнды-Панасюк. Іх, як і тысячы іншых беларусаў, не проста асудзілі з надуманых прычын, навешаўшы на іх букеты крымінальных артыкулаў. З іх здзекуюцца штодня, катуюць як у сярэднявеччы, нібы камусьці мала самага факту незаконнага пазбаўлення волі.

Урэшце, можна згадаць і смерць дыпламата Дзяніса Сідарэнкі, якая выклікала масу пытанняў і падазрэнняў на адрас уладаў.

І практычна немагчыма паверыць, што пра ўсё гэта не ведае Анатоль Глаз і іншыя «гуманісты» кіроўнага рэжыму. Можна не сумнявацца, што людзі, якія разбіраюцца ў гатунках парушынак у чужым воку, выдатна ведаюць пра бярвенне ў сваіх уласных.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках