22 кастрычнiка 2024, aўторак, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Унутранае ядро Зямлі замарудзілася

11
Унутранае ядро Зямлі замарудзілася

Да чаго гэта можа прывесці.

Навукоўцы з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі высветлілі, што ўнутранае ядро Зямлі запавольвае свой рух у адносінах да паверхні планеты. Новае даследаванне паказвае, што гэтае запаволенне пачалося прыкладна ў 2010 годзе, паведамляе Phys.org.

Рух унутранага ядра Зямлі абмяркоўваецца ў навуковай супольнасці апошнія 20 гадоў. Пры гэтым некаторыя навукоўцы мяркуюць, што яно рухаецца хутчэй, чым паверхня планеты.

«Калі я ўпершыню ўбачыў сейсмаграмы, якія намякалі на гэтую змену, я быў збянтэжаны. Але калі мы выявілі яшчэ два дзясяткі назіранняў, якія сведчаць пра тую ж заканамернасць, вынік быў неўнікнёны. Унутранае ядро замарудзілася ўпершыню за многія дзесяцігоддзі. Іншыя навукоўцы нядаўна прыводзілі довады на карысць падобных і розных мадэляў, але наша апошняе даследаванне дае найболей пераканальную пастанову», – заявіў Джон Відэйл, дэкан кафедры навук аб Зямлі ў Каледжы літаратуры, мастацтваў і навук Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі.

Мяркуецца, што ўнутранае ядро разварочваецца і рухаецца назад адносна паверхні планеты таму, што рухаецца крыху павольней, а не хутчэй, чым мантыя Зямлі, упершыню прыкладна за 40 гадоў. Калі параўнаць гэтую хуткасць з хуткасцю апошніх дзесяцігоддзяў, ядро запавольваецца.

Унутранае ядро ўяўляе з сябе цвёрдую жалеза-нікелевую сферу, акружаную вадкім жалеза-нікелевым вонкавым ядром. Памеры ўнутранага ядра можна параўнаць з Месяцам, яно знаходзіцца на глыбіні блізу пяці тысячаў кіламетраў пад паверхняй планеты. Каб стварыць візуалізацыю руху ўнутранага ядра, навукоўцы выкарыстоўваюць сейсмічныя хвалі землятрусаў.

Падчас новага даследавання навукоўцы выкарысталі сейсмічныя хвалі 21 землятрусу вакол Паўднёвых Сандвічавых астравоў, якія адбыліся ў перыяд з 1991 да 2023 года. Яны таксама выкарыстоўвалі звесткі падвойных савецкіх ядзерных выпрабаванняў у перыяд з 1971 да 1974 года, і паўторных французскіх і амерыканскіх выпрабаванняў, атрыманыя з іншых даследаванняў унутранага ядра.

Відэйл сказаў, што запаволенне хуткасці ўнутранага ядра было выкліканае ўзбоўтваннем вадкага жалезнага ядра вакол яго, якое генеруе магнітнае поле Зямлі, а таксама гравітацыйнымі сіламі з шчыльных абласцей вышэйлеглай камяністай мантыі.

Чым гэта павернецца для паверхні Зямлі, можна толькі меркаваць. На думку Відэйла, запаволенне кручэння ўнутранага ядра можа змяніць даўжыню дня на дзелі секунды.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках