18 траўня 2024, Субота, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка, слухайце «Валёнкі»

28
Лукашэнка, слухайце «Валёнкі»
ІРЫНА ХАЛІП
ФОТА: «НАША НІВА»

Гэтая музыка будзе вечнай.

Ларыса Несцярук, жыхарка Берасцейскай вобласці, спявала ва ўласнай кватэры ўкраінскую песню. Дакладней, падпявала — ці то дыску, ці то Youtube. Яе затрымалі і прымусілі праспяваць на камеру лукашысцкі гімн, а потым адправілі ў ІЧУ адбываць арышт.

Юная спявачка Патрыцыя Свіціна была стыпендыятам Лукашэнкі як прадстаўніца таленавітай моладзі, але ў 2020 годзе публічна адмовілася ад ягонай стыпендыі — сказала, што не можа атрымліваць яе ад улады, якая знішчае свой народ. Таленавітая дзяўчына, якая спявае фальклорныя песні, любоўна збірае песні і больш за ўсё баіцца, што ў нашай краіне знікне фальклор і перапыніцца традыцыя, была арыштаваная ў траўні і толькі ўчора выйшла з-пад варты, прысуджаная да «хатняй хіміі».

Да той жа "хатняй хіміі" крыху раней была прысуджаная таксама юная і таксама таленавітая спявачка Мерыем Герасіменка — тая самая, якая праспявала год таму на Зыбіцкай каля бара "Банки-бутылки" песню "Акіяна Эльзы" "Обіймі". За спевы дзяўчыну паўгода пратрымалі на “Валадарцы”. Заадно арыштавалі ўладальніка злашчаснага бара Андрэя Жука і ягоную жонку. Іх таксама паўгода пратрымалі ў следчым ізалятары. Бар больш не працуе, і спяваць тамака няма каму.

Бубнач Аляксей Санчук адбывае шасцігадовы тэрмін паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых непарадкаў. Калі яго арыштавалі, на ўсе жылы спрабавалі «раскруціць» на публічнае раскаянне ў тэлевізары. Але адзінае, што ён сказаў, сцяўшы зубы, — "я вучыў рытм". Ідэальны, матэматычны дакладны адказ бубнача. Ён не толькі вучыў — разам з дударамі і гітарыстамі ён дапамагаў усяму шматтысячнаму маршу трымаць рытм і не баяцца. Ці можа быць страшна там, дзе гучыць музыка?

У верасні мае пачацца суд над музыкамі гурта Tor Band Дзмітрыем Галавачом, Яўгенам Бурло і Андрэем Ярэмчыкам. Літаральна днямі стала вядома, што ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Музыкаў арыштавалі летась у кастрычніку. Іхнія музычныя інструменты таксама пад вартай — іх вывозілі асобным транспартам.

Музыкі гурт Litesound былі затрыманыя разам з бацькамі. Дыск-жакею Аляксандру Багданаву за сэты на акцыях пратэсту зламалі тры рабрыны і разарвалі касу, а потым скалечанага некалькі месяцаў трымалі ў ізалятары. Музыкаў Irdorath ды іхніх сяброў бралі з выкарыстаннем класічнага «маскі-шоў», і толькі надоечы Надзея і Уладзімір Калачы, муж і жонка, лідэры гурта, змаглі пасля двух гадоў у калоніі абняцца і разам уцячы з краіны. Цяпер ім трэба аднаўляць не толькі здароўе і нэрвы, але і музычныя інструменты. Карнікі — як сарокі, цягнуць усё, што блішчыць: бубны, гітары, дуды, не кажучы ўжо пра медныя духавыя, якія адліваюць золатам. Прыгожае ж, раптам у гаспадарцы спатрэбіцца. А не спатрэбіцца — можна будзе ператапіць у спражкі на рамянях.

Яшчэ можна згадаць тых, хто адседзеў — хто "крыміналку", хто "адміністрацыйку" — Паўла Аракеляна, Аляксандра Памідорава, Алеся Таболіча, Ігара Банцара. Так шмат імёнаў, артыкулаў крымінальнага кодэкса, скалечаных цел і душ, скрадзеных інструментаў, што напрошваецца выснова: не любіць уладу музыку, калі музыка не Лепс з Баскавым. Але калі нават выказаць здагадку, што песня як спалучэнне нот і слоў можа здацца ўзурпатару небяспечнай — што Цой, што Tor Band у Беларусі сталіся выбуханебяспечныя са сваёй лірыкай, калі песні на ўкраінскай мове могуць тэарэтычна раз’юшыць Пуціна, які пахаджае пад менскімі або берасцейскімі вокнамі, - то пры чым тут Аракелян, які слоў не прамаўляе, проста ў дудку дудзіць? (Гэта сам Аракелян свае саксафоны дудкамі называе, так што не папракайце мяне за вульгарныя фармулёўкі.) Ці бубнач Санчук, які вучыў рытм? Адкуль гэтая нянавісць да ўсякай формы музыкі, якая не ў тэлевізары? Нот жа толькі сем.

А ўсё проста. Лукашэнка — той самы персанаж савецкага анекдота Іван Пятровіч Сідараў, які пісаў на радыё лісты з просьбай перадаць у этэры ягоную ўлюбёную песню «Валёнкі». Спачатку — знаны камбайнер Іван Пятровіч просіць, потым інструктар раённага камітэта Іван Пятровіч, потым дэпутат аблсавета. І на радыё з задавальненнем выконваюць ягоную заяўку, круцяць «Валёнкі». І так шмат год. А потым прыходзіць ліст ад члена палітбюро ЦК КПСС Івана Пятровіча Сідарава, які просіць перадаць у этэры такату і фугу рэ мінор Ягана Сэбасцьяна Баха. І радыё, зачытаўшы заяўку, адказвае: «Іван Пятровіч, не выстаўляйцеся. Слухайце сваю ўлюбёную песню «Валёнкі».

Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч, і Вы не выстаўляйцеся. Вызваліце музыкаў і слухайце свае «Валёнкі» хоць цэлы дзень.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках