4 траўня 2024, Субота, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыя эскадра на гарызонце?

3
Чыя эскадра на гарызонце?
Уладзімір Халіп

Усё пачыналася неяк непрадказальна.

І збольшага трывожна. На крамлёўска-бункерным сайце з'явілася дзіўнае паведамленне. Быццам правадыр усіх пакрыўджаных і незадаволеных раптам спахапіўся і пачаў тэлефанаваць лідарам арабскіх дзяржаў. Звязаўся заадно з прэзідэнтам Ірана. І з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньяху пагаварыў. Выказаў спачуванне родным і блізкім ізраільцян, якія загінулі падчас уварвання баевікоў. І нават, як сцвярджае гэта да крайнасці ўзважанае паведамленне, «акцэнтаваў рашучае непрыманне і асуджэнне ўсякіх дзеянняў, ахвярамі якіх становіцца цывільнае насельніцтва, у тым ліку жанчыны і дзеці».

Ды што гэта з ім? У першы дзень уварвання арды з Газы, калі журналісты і палітыкі спрабавалі пачуць і яго меркаванне наконт раптоўнага пачатку гэтай вайны, далей прэс-сакратара нікому прабіцца не ўдалося. Інфармацыйная каштоўнасць здабытых звестак была нікчэмнай. І гэта нездарма. Выявілася, што чыноўнікі ўсё яшчэ «вывучаюць дзеянні бакоў канфлікту». Вывяраюць, супастаўляюць факты. Камусьці яшчэ невядома, наколькі важная для крамлёўскіх уладаў бездакорная дакладнасць?

І толькі на дзясяты дзень з'явілася гэтае дзіўнае паведамленне. Так доўга разважалі? Або проста ўспомнілі раптоўна, што трэба было б неяк і сябе пазначыць. А то бо, таго і глядзі, могуць папросту арбітра найвышэйшай справядлівасці бесцырымонна адціснуць на ўзровень масоўкі. Тэкст з’явіўся на сайце а 18.20. Гэта значыць, усё адбывалася амаль на чамаданах. Трэба ж, які спрыт! На наступны дзень ён ужо падымаўся па дывановых лесвіцах насустрач Сі Цзяньпіну і яго жонцы, якія віталі гасцей. Такім чынам, Пекін. Форум «Адзін пояс - адзін шлях». Паспеў, упісаўся.

Вось так і жыццё праходзіць. Імкліва. Безаглядна. Ад саміту да саміту. Учора ў Сочы. Сёння ў Пекіне. А заўтра...Вось пра гэта не трэба. А то ж хто ведае, ці не аціраюцца дзесьці на невядомых шляхах тыя самыя, з ордэрам. Праз гэта нават паездку ў ПАР на саміт БРІКС, да крайнасці важную для яго, давялося скасаваць. Хто ведае, ці не падцікоўваюць дзесьці тамака ўсё тыя ж, гаажскія, з іх шкоднай паперкай з пячаткамі.

На форум былі запрошаныя 110 краін. І можна было проста згубіцца ў натоўпе. Але як у такім выпадку падкрэсліць выключную значнасць крамлёўскага кіраўніка? Аднак журналісты, якія яго суправаджалі, імгненна развязалі гэтую праблему. Выявілася, што дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, які наведаў Пекін у чэрвені, тут сустракалі без чырвонай дарожкі. А вось перад маскоўскім госцем яе раскаталі шчодра. Ці гэта не знак асаблівай павагі і прызнання. Аднак на гэтым усе няштатныя знакі ўвагі чамусьці скончыліся.

Ён прывёз з сабой у Кітай вялікую і спрытную каманду патрэбных людзей. Амаль вымалёўвалася ўжо падпісанне новай дамовы на пастаўку газу. І будаўніцтва газаправода «Сіла Сібіры-2». Гэта кампенсавала б жахлівыя дзіры ў бюджэце, якія ўзніклі праз страту газавага рынку ў Еўропе. Фінансісты ўжо падлічвалі магчымы прыбытак. Ды і ён сам запэўніваў Сі Цзіньпіна, што праект газаправода амаль гатовы. Але энтузіязм кітайскіх партнёраў раптам згас. І давялося думаць аб тым, а не ці ірвануць заадно і да таварыша Ына. А раптам там нешта абломіцца. Хоць бы скрыня набояў ці жменька патронаў. Нават самае крыху дарэчы цяпер у гаспадарцы. Бо пад Аўдзееўкай, дзе на расейскім фронце быў ужо запраграмаваны раптоўны прарыў, зноў усё пайшло прахам.

І вось у такой сітуацыі трэба яшчэ думаць аб Палестыне. Што там у іх у катакомбах? За імі патрэбен бесперапынны нагляд. Вечна нейкія сюрпрызы. То ў самы разгар сакрэтнай спецаперацыі замануцца раптам выліцца ў падзякі адкрытым тэкстам у жывым эфіры, то ў эпізодзе з праломам памежных загарод раптам пачуюцца каманды інструктара. Або куратара. А то проста якога назіральніка з месцаў вельмі аддаленых. І як гэта яшчэ яны на звычайнае брыдкаслоўе перайсці не дадумаліся?

Усё ж прадуманае было да дробязяў. І званкі арабскім лідарам перад ад'ездам на форум, амаль з парога, у агульны хор глыбокай заклапочанасці ўпісваліся ўдала. І нават развязанне амаль невырашальнай праблемы намецілася дакладна, і сфармуляванае было канкрэтна. «Расея прапануе гуманітарнае замірэнне і ўвядзенне рэжыму спынення агню, каб стабілізаваць абстаноўку».

Аднак у палітыцы голы кручок не заўсёды дарэчны. На блізкаўсходнім кірунку ўжо сталі рэальнасцю дзве авіяносныя групы. І ангельская эскадра ў прыдачу.

А недзе на балтыйскім беразе адкрывалі помнік. Непадалёк ад магілы Канта. Таго самага, які спрабаваў расказаць пра зорнае неба над галавой і пра маральны закон унутры нас. Аднак чалавецтва слухала ўсё гэта няўважліва. А вось таго тоўстага мужыка, якога ўвекавечылі на пастаменце чыноўнікі, расейскамірныя грамадзяне слухаюць і дагэтуль. Бо генерал-губернатар. І да прозвішча яго пасрэднага - Мураўёў - дадалася з часам яшчэ і мянушка па прызванні: Вешальнік.

Ішоў калючы дождж. Было ветрана і змрочна. Нейкі кволы флоцкі аркестрык спрабаваў выдзімаць духапад'ёмны марш. Мясцовы губернатар камячыў прамову. А новы помнік карніку, вызвалены ад брызенту, глядзеў з надзеяй у змрочную далеч і не інакш пераконваўся, што імперыя не канчаецца нідзе. Прадстаўнікоў «Хамаса», «Хезбалы» і «Ісламскага джыхаду» на ўрачыстасці не дачакаліся. Не тыя часы.

Чыясьці эскадра ўжо выразна выявілася на блізкаўсходнім гарызонце.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для сайта Charter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках