4 траўня 2024, Субота, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

А там яшчэ крыху – і Праванс

23
А там яшчэ крыху – і Праванс
Ірына Халіп

Ляціце, грамадзяне, у Стамбул ці Маскву.

Чытаю навіны: нацыянальная авіякампанія Чарнагорыі Air Montenegro у панядзелак адправіла самалёт у Ізраіль, каб вывезці адтуль грамадзян сваёй краіны. У аўторак раніцай гэты самалёт шчасна прызямліўся ў Падгорыцы. Акрамя чарнагорцаў, авіякампанія вывезла з Ізраіля грамадзян Харватыі, Албаніі, Славеніі, Косава, Сербіі, Паўночнай Македоніі. МЗС Чарнагорыі апублікаваў у сваім твітары фатаграфію экіпажа з подпісам «Краіна ганарыцца вамі!».

Быццам і невялікая падзея, зусім нязначная на фоне таго, што адбываецца ў свеце. Але гэта толькі на першы погляд. Над чарнагорцамі пакеплівае ўся Еўропа з-за іх маруднага ладу жыцця ў рэжыме "палака" (даслоўна - нешта накшталт "цішэй"). Экспаты ў Чарнагорыі спачатку раз'юшваюцца, калі месяцамі не могуць развязаць самае простае бюракратычнае пытанне, якое ў іх краінах развязваецца за дзень, і не выносяць увесь час «палака», пакуль не звыкаюць да гэтага і самі не пераходзяць у той жа рэжым функцыянавання. Чарнагорцы ніколі нікуды не спяшаюцца, не спрабуюць адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць праз тыдзень, не разумеюць, навошта мітусіцца, калі можна расслабіцца і глядзець на горы. Там дзяржаўныя офісы працуюць максімум да дзвюх гадзін дня (часта яшчэ і з перапынкам на абед), там ніколі нічога не робіцца ў тэрмін. Там час гэткі ж бясконцы, як неба, і яго ніхто не спрабуе эканоміць ці выкарыстоўваць рацыянальна.

І вось гэтая маленькая і зусім не квітнеючая балканская краіна, у якой ніхто нікуды не спяшаецца, праз дзень пасля нападу ХАМАСа на Ізраіль адпраўляе самалёт за сваімі грамадзянамі, якіх, з падлікаў мясцовых службоўцаў, у Ізраілі ўсяго 20 чалавек. Заадно забірае грамадзян суседніх краін, якія з падзякай ляцяць у Падгорыцу, адкуль да хаты ўжо рукой падаць. І не толькі суседніх, дарэчы - некалькі грамадзян ЗША і Швэцыі таксама скарысталіся гэтай магчымасцю выехаць з Ізраіля. І яшчэ адна важная дэталь: флот нацыянальнай авіякампаніі Чарнагорыі складаецца з двух самалётаў.

Два самалёты, адзін з якіх адпраўляецца ў эвакуацыйны рэйс на шкоду рэгулярным рэйсам і страце прыбытку. Дваццаць грамадзян, дзеля якіх уся гэтая аперацыя ладзіцца. Грамадзян іншых дзяржаў ратуюць, не пытаючыся пашпарт. Чарнагорыя ганарыцца сваімі пілотамі, а грамадзяне фатаграфуюцца падчас палёту з дзяржаўным сцягам - яны таксама ганарацца. На наступны дзень, калі ўсе будуць у бяспецы, яны зноў скажуць "палака" і сядуць піць каву з відам на горы. Але ў момант небяспекі ўсякае "палака" касуецца. Улада рэагуе імгненна, і ніхто не падлічвае, ці варта дзеля двух дзясяткаў душ ганяць у гарачую мясціну самалёт, калі іх усяго два на ўсю краіну.

А тым часам беларускае МЗС разам са сваім пасольствам - пры тым, што беларусаў у Ізраілі напэўна ўжо больш за два дзясяткі, - на пытанні журналістаў аб эвакуацыі шэсць дзён запар адказваў, што "прапрацоўвае гэтае пытанне" і што ўся інфармацыя аб грамадзянах Беларусі, якія звярнуліся па дапамогай у эвакуацыі, "збіраецца і аналізуецца". Да заканчэння шостага дня нарэшце прынялі пастанову: ды ну іх, эвакуацыі не будзе. Затое будзе парада ад МЗС: ляціце вы, дарагія грамадзяне, у Стамбул, Тбілісі ці Маскву, дзе ў вас будзе магчымасць перасесці на самалёт “Белавія”, так і даберацеся дадому. "А там яшчэ крыху - і Праванс".

Сваіх грамадзян вывезла, зразумела, не толькі Чарнагорыя. Самалёты ў Ізраіль адправілі Вугоршчына, Балгарыя, Румынія, Польшча, Літва, Казахстан, Бразілія, Партугалія - бессэнсоўна пералічваць усе дзяржавы, таму што галоўнае - не іх колькасць і не колькасць вывезеных грамадзян. Гэта проста яшчэ адзін фрагмент пазла, які складаецца ў поўную і глыбокую абыякавасць беларускіх уладаў да сваіх грамадзян. Галоўнае - гэта пашпарт ім не выдаць за мяжой, галоўнае - у чужы тэлефон улезці ў пошуках экстрэмізму, галоўнае - арыштаваць за фатаграфію са сцягам. Столькі працы, столькі непасільных задач, што на ўсякае глупства накшталт выратавання жыцця грамадзян ва ўладаў не застаецца ні сіл, ні рэсурсаў, ні жадання. Грамадзяне самі дабяруцца, не маленькія. А калі што, да Стамбула і ўплаў можна. Вада яшчэ цёплая, можа, не застудзяцца.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках