Брытанец выпіў піва ў самым паўночным і самым паўднёвым пабе свету
1- 24.03.2019, 13:37
- 9,834
Дзеля гэтага праехаў на аўто больш за 30 тысяч кіламетраў.
А на што вы гатовыя дзеля таго, каб прапусціць кухаль піва? Вось жыхар брытанскага горада Плімут Бэн Кумбс (Ben Coombs) загарэўся ідэяй выпіць у самым паўночным і самым паўднёвым пабе свету і дзеля гэтага праехаў на аўто больш за 30 тысяч кіламетраў, паведамляе bigpicture.ru.
Ідэя праехацца па піва прыйшла Бэну ў галаву, вядома ж, за кухлям пеннага. Доўгая піўная экспедыцыя пачалася на востраве Шпіцберген, ва ўстанове маленькага шахцёрскага пасёлка Піраміда, дзе жывуць усяго чатыры чалавекі.
«Усе жыхары пасёлка жывуць у адзіным будынку, які ўсё яшчэ функцыянуе - старым гатэлі, дзе і знаходзіцца бар».
Калі Бэн шукаў самы паўночны і паўднёвы пабы, то даведаўся, што бары ёсць нават у Антарктыдзе, але патрапіць туды не атрымаецца. Гэтыя бары знаходзяцца альбо на закрытых базах, альбо нелегальныя. Таму фінальным пунктам экспедыцыі стаў бар у чылійскім горадзе Пуэрта-Уільямс на востраве Вогненная Зямля.
У доўгае падарожжа Бэн адправіўся на ўласным аўтамабілі TVR Chimaera, якому нядаўна споўнілася 20 гадоў. З Піраміды Бэн праехаў праз усю Еўропу ў Саўтгэмптан, дзе пагрузіў аўто на карабель і адправіўся ў Нью-Ёрк. Затым праз Злучаныя Штаты ў Каліфорнію, а далей - у Мексіку. Дарэчы, старэнькі аўтамабіль падарожжа перажыў з годнасцю, за ўвесь час давялося замяніць толькі счапленне.
Праз сем месяцаў пасля старту Бэн прыбыў у самы паўднёвы паб. Праўда, ён яму не вельмі спадабаўся: пластыкавая мэбля і меню, у якім толькі лагер і танны віскі. Але ўражанні ад экспедыцыі гэта не сапсавала.
«Можа, існуюць і больш прывабныя месцы, дзеля якіх можна праехаць 30 тысяч кіламетраў, але справа не ў гэтым. Важна ж само падарожжа, а не пункт прызначэння».