Пуцін прапаноўвае чальцам ЕўрАзЭс пабудаваць па гатэлі ў Сочы
12- 12.12.2008, 15:55
Расея запрашае партнёраў па ЕўрАзЭсЕ пабудаваць гатэлі каля будучага Алімпійскага парка ў Сочы і прысвоіць гатэлям назвы сваіх сталіцаў.
"У практычным плане (супрацоўніцтва) маглі б разгледзець магчымасць запрашэння нашых партнёраў - пры жаданні і зацікаўленасці - пабудаваць па адным гатэлі на тэрыторыі, прылеглай да Алімпійскага парка, назваць гатэлі імёнамі сваіх сталіцаў", - сказаў У.Пуцін на паседжанні міждзяржсавета ЕўрАзЭс.
У выніку, паводле яго словаў, у Алімпійскім парку з'явіцца комплекс гатэляў, дзе госці гульняў змогуць пазнаёміцца з традыцыямі гэтых краінаў, а ў цэлым у гэтым выпадку гаворка ідзе "аб вялікім гуманітарным праекце, які спрыяў бы падвышэнню прэстыжу" дзяржаваў ЕўрАзЭс.
Па выніках 22-га паседжання Міждзяржсавета ЕўрАзЭс на ўзроўні кіраўнікоў урадаў падпісаны шэраг дакументаў.
У прыватнасці, бакі падпісалі Дамову аб асноўных прынцыпах валютнай палітыкі чальцоў ЕўрАзЭс па рэгуляванні і кантролі аперацыяў, звязаных з рухам капіталаў; Дамову аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцыяў у дзяржавах-чальцах супольнасці, а таксама Дамову аб стварэнні інфармацыйнай сістэмы Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў галіне тэхнічнага рэгулявання, санітарных і фітасанітарных мераў.
Таксама падпісаны Пратакол аб ўнясенні змяненняў ў Дамову аб асновах гарманізацыі тэхрэгламентаў чальцоў ЕўрАзЭс, Дамову аб правядзенні ўзгодненай палітыкі тэхнічнага рэгулявання, санітарных і фітасанітарных мераў.
Бакамі падпісаная Канцэпцыя фарміравання агульнага энергетычнага рынка чальцоў ЕўрАзЭс, а таксама Дамова аб фарміраванні адзінай сістэмы інфармацыйнага забеспячэння энергетычнага рынка супольнасці.
У ЕўрАзЭс уваходзяць Расея, Беларусь, Казахстан, Кыргызтан і Таджыкістан.