Сідорскі спазніўся на паседжанне Міждзяржсавета ЕўрАзЭс у Маскве
1- 12.12.2008, 12:40
Пачатак паседжання Міждзяржсавета ЕўрАзЭс, якое павінна адбыцца сёння ў Маскве, адкладаецца з-за умоваў надвор'я ў расейскай сталіцы.
Загусцелы туман перашкодзіў некаторым прэм'ер-міністрам своечасова прыляцець у Маскву, паведамляе БелТА.
У прыватнасці, як стала вядома з дыпламатычных крыніцаў, умовы надвор'я сталі прычынай спазнення і прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. З-за гэтага самалёт з беларускай дэлегацыяй быў вымушаны прызямліцца не ў маскоўскім аэрапорце "Унукава", а ў "Дамадзедава".
На паседжанні Міждзяржсавета плануецца падпісанне Беларуссю, Расеяй і Казахстанам 14 дамоваў, накіраваных на далейшае фарміраванне Мытнага саюза. Гэтыя дакументы датычаць мытна-тарыфнага рэгулявання, мытнага адміністравання і статыстыкі, тэхнічнага рэгулявання, стварэння сакратарыята Камісіі Мытнага саюза.
Па выніках паседжання плануецца падпісаць дамовы аб фарміраванні агульнай сістэмы інфармацыйнага забеспячэння энергетычнага рынка дзяржаваў - чальцоў ЕўрАзЭс, аб стварэнні інфармацыйнай сістэмы супольнасці ў галіне тэхнічнага рэгулявання, санітарных і фітасанітарных мераў і аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў гэтай галіне, а таксама пратаколу аб стварэнні агульнага страхавога рынка дзяржаваў - чальцоў ЕўрАзЭс.
Акрамя таго, на паседжанні будзе разгледжанае пытанне аб сумесных дзеяннях дзяржаў - чальцоў ЕўрАзЭс па пераадоленні сусветнага фінансавага крызісу ў дзяржавах Супольнасці, а таксама пытанні, якія закранаюць арганізацыйна-фінансавыя і прававыя аспекты дзейнасці ЕўрАзЭс.