У Вільні правялі вечарыну «Бой пад Лісічанскам»
1- 27.06.2026, 13:53
Вечар памяці быў прысвечаны беларускім героям-добраахвотнікам.
Вечар памяці, прысвечаны IV-й гадавіне боя пад Лісічанскам, прайшоў 26 чэрвеня ў Беларускім замку ў Вільні, перадае «Радыё Рацыя».
Пра падрабязнасці таго бою і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі і трапілі ў палон у тым баі, распавёў арганізатар падзеі – былы добраахвотнік Палка імя Кастуся Каліноўскага і сузаснавальнік дабрачыннай арганізацыі ў Літве «КUS» Аляксандр Клачко «Кусь»:
– Мы правялі вечарыну «Бой пад Лісічанскам». Гэты бой адбыўся 26 чэрвеня 2022 года. У ім загінула чацвёра добраахвотнікаў палка Каліноўскага – камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст» Марчук, «Папік», «Сябро» і «Атам». І двое нашых хлопцаў «Клешч» і «Тромблі» трапілі ў палон. Іх лёс дагэтуль невядомы. На імпрэзе, вы бачыце, ёсць фотавыстава. Я адабраў 20 фотаздымкаў, якія больш-менш дазваляюць паглыбіцца ў той час, у тую атмасферу.
Як кажа былы беларускі добраахвотнік Павел Мар’еўскі «Марэк», вельмі важна захоўваць памяць пра пабрацімаў і тых пасіянарыяў, якія са зброяй у руках баранілі Украіну ад расейскай навалы:
– Шмат з гэтых беларусаў удзельнічалі ў 2020 годзе ў пратэстах. І шмат з гэтых беларусаў былі нацыянальна арыентаваныя. Таму яны канкрэтна разумелі, што такое Расея і што такое русіфікацыя. Хаця б на прыкладзе Беларусі і ва ўнутранай палітыцы Беларусі. І асноўнае – гэта захаваць памяць, і нашу, і нашых нашчадкаў, памяць пра гэтых хлопцаў.
Падчас вечарыны памяці была арганізаваная выстава пра ваяроў, якія ваявалі пад Лісічанскам, паказаныя відэаролікі з іх жыцця і апошнія кадры, на якіх яны адлюстраваныя і нават іх смерць. А таксама Аляксандр Клачко паказаў прадметы з рыштунку беларускіх добраахвотнікаў і шаўроны, якія яны выкарыстоўвалі на вайне.






