Беларус зрабіў празрысты пухавік з сенам за $600
11- 27.09.2026, 16:37
- 3,152
У сетцы жартуюць, што ідэю трэба тэрмінова абараніць ад Balenciaga.
Беларускі дызайнер Ягор Ждановіч зрабіў пухавік, напоўнены лугавым сенам. Куртка пашыта з празрыстай плёнкі, таму яе напаўненне цалкам бачна, паведаміў дызайнер у сваім Instagram. У каментарыях дызайнеру раяць запатэнтаваць вынаходніцтва, «каб не скрала Balenciaga».
«Я зрабіў самы танны пухавік у свеце. З натуральнага матэрыялу», — напісаў Ждановіч, паказваючы новую куртку.

«У якасці напаўняльніка было сабрана найлепшае беларускае лугавае сена», — гаворыцца ў апісанні.
Верх курткі зроблены з шчыльнай празрыстай ПВХ-плёнкі, якая добра трымае форму. Паводле слоў дызайнера, пухавік настолькі цвёрды, што можа самастойна «стаяць» на зямлі. Ён мае аб'ёмны сілуэт, металічную фурнітуру і здымны капюшон на маланцы.

Нягледзячы на словы пра «самы танны пухавік», ён каштуе каля $600. Замовіць куртку можна на сайце дызайнера. Тэрмін вырабу — ад 14 да 21 дня.
Ждановіч папярэджвае, што рэч не падыходзіць для паўсядзённага нашэння і яе нельга сціраць у пральнай машыне. Пухавік пазіцыянуецца як арт-аб’ект.

