1 жнiўня 2026, Субота, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Вайна з Іранам змяніла стаўленне Трампа да Зяленскага

The Guardian: Вайна з Іранам змяніла стаўленне Трампа да Зяленскага
ФОТА: GETTY IMAGES

Украіна прапанавала ЗША ўнікальны досвед барацьбы з іранскімі дронамі.

Нягледзячы на гучны канфлікт паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на пачатку 2025 года, адносіны паміж двума лідарамі апошнім часам заўважна пацяплелі. Як піша брытанскае выданне The Guardian, ключавой прычынай такой змены магла стаць няўдалая вайна ЗША і Ізраіля супраць Ірана.

Аўтар публікацыі нагадвае, што пасля рэзкай сваркі ў Белым доме ў лютым 2025 года, калі Трамп фактычна выгнаў Зяленскага са сустрэчы, цяпер бакі рэгулярна вядуць перамовы. Чарговая сустрэча адбылася на гэтым тыдні ў Вашынгтоне, куды ўкраінскі прэзідэнт прыбыў на пахаванне сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма, які паслядоўна падтрымліваў Украіну.

Да гэтага Трамп і Зяленскі таксама сустракаліся падчас саміту НАТА ў Анкары. Там прэзідэнт ЗША, які паўтара года таму называў украінскага лідара «дыктатарам», нават заявіў пра гатоўнасць выдаць ліцэнзіі на вытворчасць Украінай уласных ракет-перахопнікаў Patriot, хаця пасля выказаў сумневы адносна гэтай ініцыятывы.

Як адзначае выданне, адным з найбольш нечаканых эпізодаў стала сустрэча Зяленскага ў Кіеве з амерыканскай ультраправай актывісткай Лорай Лумер, якая раней падтрымлівала расійскія наратывы. Пасля сустрэчы яна заявіла, што была ўведзеная ў зман расійскай прапагандай, а таксама паведаміла, што абмеркавала свае новыя высновы па тэлефоне з Трампам.

Эксперты, якіх цытуе The Guardian, лічаць, што найважнейшым фактарам змены стаўлення Белага дома да ўкраінскага кіраўніцтва ўсё ж такі стала вайна з Іранам. Украіна, якая за гады паўнамаштабнай вайны накапіла значны досвед барацьбы з іранскімі беспілотнікамі Shahed, цяпер прапануе ЗША і іх саюзнікам уласныя тэхналогіі і экспертную дапамогу.

«У той момант, калі ён завяз у вайне, сутыкнуўся з няўдалымі вайсковымі рашэннямі, а ўкраінцы раптам звяртаюцца да яго ўжо не з просьбай пра амерыканскую дабрачыннасць, а прапануюць дапамогу, мне здаецца цалкам праўдападобным, што гэта магло стаць адной з прычын, паводле якой стаўленне Трампа настолькі прыкметна змянілася», – кажа віцэ-прэзідэнт Інстытута Квінсі Трыта Парсі.

The Guardian нагадвае, што Зяленскі таксама свядома спрабуе прасоўваць наратыў пра ўзаемасувязь расійска-ўкраінскай вайны з крызісам вакол Ірана.

У той жа час аналітыкі папярэджваюць, што такая стратэгія можа мець і негатыўныя наступствы. На іх думку, усё больш цеснае перапляценне вайны Расіі супраць Украіны і канфлікту ЗША з Іранам стварае рызыку пашырэння геаграфіі супрацьстаяння. Акрамя таго, нягледзячы нават на пэўнае пацяпленне ў адносінах з Зяленскім, значная частка прыхільнікаў руху MAGA, як і раней, скептычна ставіцца да замежных войнаў і маштабнай дапамогі Украіне.

Віцэ-прэзідэнт Цэнтра міжнароднай палітыкі Мэт Дасс таксама папярэдзіў, што намаганні Зяленскага дапамагчы Трампу з Іранам рызыкуюць падарваць падтрымку Украіны ў Еўропе, бо такім чынам Кіеў апынаецца ўскосным саюзнікам Ізраіля. А Ізраіль апошнім часам у Еўропе не любяць.

«Спроба зблізіцца з Ізраілем у вайне супраць Ірана ў значнай ступені падрывае пазіцыі Украіны, паколькі Ізраіль фактычна спрабуе зрабіць з палестынцамі менавіта тое, што Расія спрабавала зрабіць з Украінай, а менавіта сцерці іх як народ», – сказаў Дасс.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках