Марыюш Машкевіч: Адказ НАТА на напад РФ павінен быць імгненным
1- 2.06.2026, 13:20
Фота: RFE/RL
Польскі дыпламат ацаніў пагрозу нападу Расіі на краіны Балтыі.
Разведкі шэрагу краін папярэджваюць пра рызыку нападу Расіі на краіны Балтыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Польскі дыпламат, пасол у Беларусі ў 1998–2002 гадах Марыюш Машкевіч у інтэрв'ю сайту Charter97.org растлумачыў, як у такім выпадку павінны дзейнічаць Польшча і НАТА:
— Я хацеў бы, каб на любую агрэсію з боку РФ быў імгненны адказ. Каб рэакцыя Польшчы, як і іншых краін НАТА, у выпадку нападу на краіны Балтыі — на Літву, Латвію або Эстонію — была імгненнай.
На шчасце, у нас ёсць тэхнічная магчымасць. Я маю на ўвазе авіяцыю НАТА, якая абараняе неба над Вільнюсам, Рыгаю і Таліннам. Спадзяюся, гэта пагроза для расіян відавочная, і яны двойчы-тройчы падумаюць, перш чым зрабіць такі крок.
Вядома, у іх ёсць апетыт падражніць НАТА або праверыць трываласць Альянсу. У РФ ёсць апетыт на тое, каб выкроіць нешта, звязанае з так званым Сувалкскім калідорам або калідорам у бок Калінінграда. У Крамля ёсць надзея, што, магчыма, удасца нешта выйграць, убачыўшы слабасць або момант вагання.
Але я думаю, гэтага не будзе. Краіны Балтыі — нашы саюзнікі па Альянсе — павінны штодня адчуваць, што ўвесь Альянс, уся Еўропа, практычна ўвесь саюз стаіць за іх спінамі.