2 чэрвеня 2026, aўторак, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі прадаюць катэдж, падобны да бункера мільярдэра

10
У Беларусі прадаюць катэдж, падобны да бункера мільярдэра

Кошт таксама ўражвае.

У ракаўскім напрамку, у вёсцы Новае Поле, выставілі на продаж катэдж, які моцна выдзяляецца на фоне звыклай загараднай забудовы. Першае, што кідаецца ў вочы, — яго падкрэслена змрочны, чорны фасад. Двухпавярховы блочны дом пабудовы 2022 года выкананы ў футурыстычным мінімалізме: цёмныя сцены, плоскі дах і правільныя геаметрычныя формы ствараюць вобраз суровага, але стыльнага сучаснага бункера, піша Onlíner.

Нягледзячы на ўсю знешнюю брутальнасць, асабняк плошчай 306,4 «квадрата» максімальна адкрыты прыродзе дзякуючы панарамнаму ашкленню. Галоўнай фішкай аб’екта стаў велізарны разсоўны аконны партал у гасцінай з выхадам на тэрасу. Яго даўжыня складае ўражлівыя 12 метраў — прадавец сцвярджае, што аналагаў такой канструкцыі ў Беларусі проста няма. На вокнах ПВХ устаноўлены электрапрывады, а на ўваходзе красуюцца бясшумныя дзверы з падсветкай і сканерам адбіткаў пальцаў.

Аднак зайсці і адразу легчы на дыван не атрымаецца. Унутры пакупніка чакае чарнавая аддзелка, таму новаму ўладальніку давядзецца самастойна прадумаць увесь дызайн.

Камунікацыі да катэджа ўжо падведзены. У доме ўсталяваная сістэма «разумны дом», якая кіруе ўсім: ад схаванай LED-падсветкі фасада па ўсім перыметры да відэаназірання і клімату. Ацяпленне тут двайное: акрамя стандартных цёплых падлог, у пакоях ёсць амерыканская сістэма паветранага ацяплення з рэкуперацыяй і кантролем узроўню CO₂.

З іншых бонусаў — выведзеная на вуліцу зарадная станцыя для электракара і эксплуатуемая тэраса-дах на другім паверсе, якая праектавалася з запасам трываласці для ўсталявання джакузі або крытага басейна.

Паводле планіроўкі меркуецца, што першы паверх зоймуць кухня-гасцінная, жылыя пакоі з гардэробнымі і ўласная сауна. Другі ўзровень поўнасцю аддадзены пад зону адпачынку, дзе ўжо выведзены камунікацыі пад бар або хатні кінатэатр.

Сам участак крайні па вуліцы, мае суседзяў толькі з аднаго боку, а з другога мяжуе з лесам.

Уладальнікі ацанілі такі змрочны хай-тэк у $678 737 у эквіваленце.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках