7 красавiка 2026, aўторак, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Венеры цяпер могуць знаходзіцца жыхары Зямлі

3
На Венеры цяпер могуць знаходзіцца жыхары Зямлі

Што высветлілі вучоныя?

Тэорыя пансперміі сцвярджае, што жыццё распаўсюджваецца па касмасе з дапамогай астэроідаў і камет. Паводле гэтай тэорыі, складнікі жыцця менавіта так траплялі на Зямлю мільярды гадоў таму. Ужо некалькі гадоў вучоныя спрачаюцца, ці могуць у шчыльнай, але таксічнай атмасферы Венеры існаваць жывыя мікраарганізмы, улічваючы некаторыя спрэчныя дадзеныя, што сведчылі пра такую магчымасць.

Аўтары новага даследавання мяркуюць, што калі на Венеры ёсць жыццё, дык, верагодна, яно прыбыло з Зямлі, піша «Фокус».

Вучоныя вырашылі вывучыць магчымасць таго, што жыццё ў атмасферы Венеры існуе, і што яно было дастаўлена туды з дапамогай метэарытаў, якія калісьці былі часткай Зямлі. Даследчыкі выкарысталі распрацаванае імі «Раўнанне жыцця на Венеры», якое паказвае, што жыццё ў воблаках Венеры можа існаваць дзякуючы матэрыялу, выкінутаму з Зямлі.

«Раўнанне жыцця на Венеры» матэматычна (УЖВ) выяўляецца наступным чынам: L = O x R x C.

L — гэта верагоднасць існавання жыцця ад 0 да 1, дзе 0 — яго не існуе, а 1 — дакладна існуе; O — верагоднасць таго, што жыццё зародзілася і замацавалася на Венеры; R — патэнцыял існавання біясферы і яе здольнасць супрацьстаяць зменам; а C — верагоднасць таго, што прыдатныя для жыцця ўмовы захоўваліся да сённяшняга дня.

Выкарыстоўваючы гэтае раўнанне, вучоныя вывучылі, як любы арганічны матэрыял, незалежна ад яго паходжання, павінен перажыць міжпланетнае падарожжа.

Папярэднія даследаванні паказалі, што падчас удару метэарыта па паверхні Зямлі разам з выкінутымі ў касмас каменямі могуць паляцець таксама і арганічныя малекулы, якія з’яўляюцца складнікамі жыцця. Тое ж могуць зрабіць і цэлыя мікраарганізмы.

Як паказвае даследаванне, трапіўшы такім чынам на Венеру, любы арганічны матэрыял з Зямлі павінен быць рассеяны ў воблаках планеты, каб выжыць.

Вучоныя разлічылі патэнцыйную колькасць метэарытаў, якія прыбылі на Венеру з Зямлі за працяглы перыяд часу. Яны высветлілі, што сотні мільярдаў клетак жывых арганізмаў маглі быць перанесеныя з Зямлі ў воблакі Венеры, і многія з іх маглі там нават выжыць. За апошні 1 мільярд гадоў з Зямлі магло быць перанесена 20 мільярдаў клетак.

Хоць вучоныя прызнаюць, што іх раўнанне не ўлічвае ўсе дэталі ўзаемадзеяння метэарытаў з атмасферай і што кожны параметр раўнання схільны значнай нявызначанасці, даследаванне дэманструе магчымасць пансперміі паміж Зямлёй і Венерай. Адпаведна, калі жыццё ў воблаках Венеры будзе выяўлена, існуе верагоднасць, што яно ўзнікла на Зямлі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках