«Адбываецца закопванне грошай»
5- 7.04.2026, 10:59
- 2,520
Энергетычныя аб’екты Гомельшчыны абсталёўваюць дадатковай сістэмай бяспекі.
Ключавыя энергетычныя аб’екты ў Гомельскай вобласці абсталёўваюць дадатковай сістэмай бяспекі, даведаўся «Флагшток». Гэты працэс ужо ідзе.
Пацвярджэннем служыць тэндэр, абвешчаны «Гомельэнерга», на выкананне будаўніча-мантажных і іншых спецыяльных работ па аб’екце «Узвядзенне другога контуру агароджы «Егоза» тэрыторыі філіяла «Мазырская ЦЭЦ».
За гэта прадпрыемства заплаціць амаль 835 тыс. рублёў (больш за 285 тыс. долараў), работы павінны быць завершаныя ў ліпені 2026 года.
Падрабязнасцяў і ніякай дакументацыі ў тэндэры не прадстаўлена, але, як высветліў «Флагшток», такія мерапрыемствы праводзяць на ўсіх падобных аб’ектах рэгіёна, пачынаючы ад трансфарматарных падстанцый магутнасцю 330 кілавольт.
Стварэнне мер бяспекі выглядае так: па перыметры аб’екта ўсталёўваюць жалезабетонны плот, пад ім — супрацьпадкопную рашотку з арматуры. За плотам ставяць перыметральную агароджу з 3D-сеткі, а зверху пракладаюць «Егозу», калючы дрот.
Таксама гэтыя аб’екты ўжо абсталяваныя сістэмай відэаназірання, там усталяваныя будкі Дэпартамента аховы.
Паводле слоў эксперта, які пракаментаваў для «Флагштока» такія меры бяспекі, у многім яны бескарысныя:
«Натуральна, ад удараў дронаў і любой іншай атакі з паветра ўсё гэта ніяк не абараняе. Цяжка ўявіць, што ў сучасных умовах нехта захоча зрабіць падкоп, каб патрапіць на тэрыторыю падстанцыі. То бок проста адбываецца чарговае закопванне грошай па патрабаванні сілавікоў».