Неверагодна прыгожая інфармацыя
- Ігар Луцэнка
- 6.04.2026, 20:16
- 2,422
Кажуць, што ў украінцаў ужо ёсць мінімум дзве ваенныя базы ў Лівіі.
Неверагодна прыгожую інфармацыю абнародаваў французскі дзяржаўны вяшчальнік RFI. Іх звесткі такія, што некалькі гадоў таму ім мала б хто паверыў.
Французы кажуць, што ў украінцаў ужо ёсць мінімум дзве ваенныя базы ў Лівіі. Адна — побач з амерыканскім камандаваннем у Афрыцы і брытанскім разведвальным цэнтрам. Другая — непасрэдна на ўзбярэжжы Міжземнага мора.
RFI кажа, што менавіта з лівійскага берага украінцы запусцілі сваю MAGURA па расійскім газавым танкеру 4 сакавіка і нібыта знішчылі высокапастаўленага расійскага афіцэра ГРУ Андрэя Авер'янава (што не пацверджана), а судна вывелі з ладу (гэта дакладна).
Супрацоўніцтва паміж Украінай і Лівіяй цалкам афіцыйнае. Украінцы вучаць лівійцаў кіраваць дронамі. У абмен на прадастаўленне ім магчымасці весці аперацыі супраць РФ.
Калі гэта праўда, дык ёсць падстава радавацца і ганарыцца.
Адкрыйце Google-карту, знайдзіце Трыпалі і правядзіце радыус у 800 км. Менавіта столькі — заяўлены радыус дзеяння марскога дрона MAGURA. Гэты радыус з лішкам дацягне да Італіі. Але нельга выключаць, што міжземнаморская версія MAGURA (калі такая існуе) можа дацягнуць і да Суэцкага канала.
Гэта азначае, што Міжземнае мора, прынамсі часткова, можа апынуцца пад нашым агнявым кантролем. Прайсці расіянам або іх саюзнікам з яго заходняй часткі да Басфорскага праліву і назад міма нашых жаўнераў там будзе праблематычна.
Таксама пытальнік вырастае над маршрутам экспарту нафты і скрадзенага зерня з кантраляваных РФ чарнаморскіх партоў у Індзійскі акіян, дзе маскоўскую сыравіну чакаюць іх найбольшыя «сябры» — Кітай і Індыя.
Вайну на знясіленне, якую вядзе супраць нас эрэфія, немагчыма выйграць без спынення варожага нафтагазавага экспарту. Яны з цяперашнімі цэнамі здольныя зарабляць да $0,5 млрд у дзень(!). Таму гэта фінансаванне вайны трэба спыняць усімі магчымымі спосабамі ва ўсіх магчымых месцах.
Наша гіпатэтычная прысутнасць у Лівіі — крок да спынення РФ у Афрыцы, адкуль Масква цягне да сябе сродкі і наймітаў для працягнення вайны супраць нас. Лівію, расколатую грамадзянскай вайной, расіяне спрабуюць ператварыць у сваю базу для падскоку ў Афрыку. Выбіць іх адтуль — азначае адрэзаць іх ад гэтага кантынента.
Карацей, вельмі хочацца верыць, што францужанам злілі праўдзівую інфу.
Спадзяюся, далей мы працягнем у тым жа духу і будзем гуляць супраць агрэсара ва ўсіх нязручных для яго лакацыях. Цікава: пра якія наступныя геаграфічныя назвы мы пачуем?
Ад сябе дадам, што гарача мрою паслужыць у Лівіі, бо абажаю Міжземнае мора, славутасці і ўсе віды карыснага турызму.