РФ заняла перадапошняе месца ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту
2- 6.04.2026, 18:42
- 1,050
Ніжэй апынулася толькі Паўночная Карэя.
Расія заняла перадапошняе месца ў глабальным рэйтынгу свабоды слова ў інтэрнэце, апублікаваным даследчым праектам Cloudwards, вытрымкі з якога расійскія СМІ публікуюць у нядзелю, 5 красавіка. Паводле гэтых даных, Расія набрала толькі 4 балы са 100 і падзяліла перадапошняе месца з Іранам, Кітаем і Пакістанам. Краіны ацэньваліся па чатырох крытэрыях: даступнасць торэнтаў, кантэнту для дарослых, палітычнага і грамадзянскага кантэнту, а таксама VPN-сэрвісаў, перадае DW.
Паводле ацэнкі даследчыкаў, у Расіі, як і ў Іране, КНР і Пакістане, дазволены толькі падкантрольныя ўладам сацыяльныя сеткі, доступ да буйных міжнародных платформаў — YouTube, TikTok і Facebook — блакуецца або абмяжоўваецца, а выказванне непажаданых палітычных поглядаў пагражае наступствамі.
Паўночная Карэя, якая замыкае рэйтынг, набрала 0 балаў — большасць грамадзян краіны, за выключэннем высокапастаўленых чыноўнікаў, не маюць доступу да глабальнай сеткі. Яе замяняе нацыянальная сетка «Кванмён».
На вяршыні рэйтынгу размясціліся 11 краін з вынікам 92 балы са 100: Бельгія, Усходні Тымор, Данія, Ісландыя, Коста-Рыка, Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя, Нарвегія, Славакія, Сурынам і Фінляндыя.
Тым часам у Расіі некалькі дзён таму стала вядома, што Міністэрства лічбавага развіцця разаслала найбуйнейшым інтэрнэт-кампаніям метадычныя рэкамендацыі па выяўленні VPN. Ад гэтага часу платформы абавязаныя самастойна правяраць, ці выкарыстоўвае кліент сродкі абыходу блакаванняў.