Расійскага экс-губернатара пасадзілі на 14 гадоў за хабар
5- 6.04.2026, 16:43
- 1,654
Злачынства ён патлумачыў працай «у надзвычайных умовах».
Суд у Курску прысудзіў былога губернатара вобласці Аляксея Смірнова да 14 гадоў па справе аб атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры пры будаўніцтве абарончых збудаванняў у рэгіёне. Ён прызнаў віну. Свае карупцыйныя паводзіны ён патлумачыў працай «у надзвычайных умовах, дзесьці нават небяспечных», перадае ВВС.
Паводле рашэння суда ён адправіцца адбываць пакаранне ў калонію строгага рэжыму і заплаціць штраф памерам 400 млн рублёў, перадаюць расійскія інфармагенцтвы.
Пракурор раней патрабаваў прыгаварыць Смірнова да 15 гадоў калоніі строгага рэжыму і аштрафаваць на 500 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, бок абвінавачвання настойваў на канфіскацыі ў экс-губернатара Курскай вобласці больш за 20 мільёнаў рублёў.
Аляксей Смірноў прызнаў віну, заявіўшы, што поўнасцю каецца ў здзейсненым.
«Так, я прызнаў свой цяжкі ўчынак, злачынства. Вядома, каюся, шчыра каюся, штодня вяртаюся да гэтага, думаю пра гэта. Прычына? Напэўна, праца ў надзвычайных умовах, дзесьці нават небяспечных, я казаў, што атрымаў тут кантузію», — заявіў экс-губернатар на пасяджэнні суда 2 красавіка. Ён заключыў дасудовае пагадненне са следствам.
У канцы сакавіка Смірноў на допыце заявіў, што экс-кіраўнік Мінтранса Расіі і былы губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт, які скончыў жыццё самагубствам улетку мінулага года пасля нечаканай адстаўкі з пасады міністра, атрымліваў шматмільённыя «адкаты».
Старавойта называлі адным з магчымых фігурантаў справы, па якой судзілі Смірнова. Выданне РБК са спасылкай на крыніцы паведамляла, што ў дачыненні да Старавойта вялася праверка на прадмет яго датычнасці да раскраданняў пры будаўніцтве абарончых збудаванняў у Курскай вобласці.