Эканаміст: Калі рэжым захаваецца, праз 10 гадоў беларусы будуць жыць удвая горш за палякаў
5- 6.04.2026, 16:12
- 1,930
Беларусь страчвае чалавечы капітал і ўсё больш адразае сябе ад свету.
Нягледзячы на бачны рост заробкаў і часовы спажывецкі аптымізм, беларуская эканоміка знаходзіцца ў стане глыбокай стагнацыі. Калі сітуацыя не зменіцца, праз 10–15 гадоў сярэдні беларус будзе жыць удвая горш, чым жыхар суседняй Польшчы, а краіна працягне імкліва страчваць чалавечы капітал. Што перашкаджае эканамічнаму росту, чаму цяперашнія грошы ў кішэнях — з’ява кароткатэрміновая і якім чынам татальная прывязка да Расіі цягне краіну на дно? Гэтыя пытанні ў «Раніцы з Белсатам» абмеркавалі са старшым навуковым супрацоўнікам даследчага цэнтра BEROC, эканамістам Дзмітрыем Круком.
Чаму невялікі рост эканомікі — гэта ўсё роўна стагнацыя
Нягледзячы на тое, што ўлады могуць рапартаваць пра эканамічны рост у 1–2%, гэтых лічбаў катастрафічна не стае. Дзмітрый Крук адзначае, што галоўная праблема — павелічэнне разрыву ў дабрабыце паміж Беларуссю і яе еўрапейскімі суседзямі. Гэта адставанне цягнецца ўжо шмат гадоў і вядзе да незваротных страт на рынку працы.
«Трэба разумець, што паводле ўзроўню дабрабыту мы даволі істотна адстаём ад суседніх краін; перадусім як эталон я разглядаю Польшчу і Літву, бо не бачу ніякіх фундаментальных фактараў, чаму Беларусь мусіла б адставаць ад іх. А гэтыя краіны ўжо знаходзяцца на значна больш высокім узроўні. У Польшчы, напрыклад, дабрабыт прыкладна на 40% вышэйшы, і яны растуць хутчэй. Адпаведна, калі беларуская эканоміка будзе расці тэмпам 1–2%, гэты разрыў паміж суседнімі краінамі і Беларуссю будзе толькі павялічвацца», — кажа Дзмітрый Крук.
Эканаміст звяртае ўвагу, што працэс адставання беларускай эканомікі не з’яўляецца нейкай будучай пагрозай, а фактычна цягнецца ўжо каля 15 гадоў, пачынаючы з 2012-га.
На яго думку, гэта зацяжная стагнацыя стварае сур’ёзную небяспеку, перадусім з пункту гледжання страты чалавечага капіталу. Эксперт падкрэслівае: бачыўшы, што ў суседніх краінах забяспечыць сабе прыстойныя ўмовы жыцця і заробак значна прасцей, людзі будуць усё часцей выбіраць эміграцыю.
Ілюзія высокіх заробкаў і хуткі канец спажывецкага аптымізму
Апошнім часам заробкі ў Беларусі сапраўды раслі, што не магло не адбіцца на настроях людзей. Аднак эканаміст папярэджвае: гэты рост не звязаны з поспехамі самой эканомікі. Прычына ў жорсткім дэфіцыце працоўных рук з-за дэмаграфіі і міграцыі. Але ўжо хутка эканамічная рэальнасць возьме сваё.
«Апошнія гады эканоміка дэманструе пэўны рост, асабліва ў 2023–2024 гадах, але пры гэтым заробкі, рэальныя даходы людзей выраслі значна больш. Напрыклад, магу прывесці лічбы: калі па ўзроўні ўсёй эканомікі ВУП вырас у параўнанні з дасанкцыйным даваенным перыядам прыкладна на 6%, то заробкі выраслі больш як на 40%. І гэта сапраўды падсілкоўвае такі спажывецкі аптымізм. Чаму гэта адбылося?.. Думаю, відавочна, што гэта структурны недахоп працоўных рук», — кажа эканаміст.
Ён лічыць, што ў 2026 годзе спажывецкі аптымізм у беларусаў пачне зніжацца з-за пагаршэння эканамічных умоў і падзення знешняга попыту.
«Але менавіта з-за таго, што стагнацыйныя трэнды ўступаюць у сілу, і таго, што беларуская эканоміка якраз у 2025 годзе ўсё больш адчувальна пачала сутыкацца з тэндэнцыямі зніжэння знешняга попыту, з тым, што тыя ўмовы, у якіх яна існуе, усё мацней ціснуць, я думаю, што гэты разрыў паміж самаадчуваннем, спажывецкімі настроямі і эканамічным становішчам будзе скарачацца. І адпаведна якраз у 2026 годзе адбудзецца пэўны пералом у самаадчуваннях і настроях людзей, і той спажывецкі аптымізм, які мы фіксавалі ў апытаннях апошнія два гады, паступова пачне знікаць, паступова настрой зменіцца на процілеглы», — кажа Дзмітрый Крук.
Што не дае эканоміцы развівацца
Галоўнай перашкодай для росту эксперт называе ўнутранае інстытуцыйнае асяроддзе і знешнюю ізаляцыю. Дзяржаўны сектар выцягвае рэсурсы з краіны не дзеля інавацый, а дзеля захавання ўлады, у той час як прыватны бізнес, які мог бы стаць драйверам росту, застаецца без падтрымкі. Больш за тое, Беларусь усё мацней адразае сябе ад глабальнага свету.
«Сюды я б яшчэ дадаў, асабліва калі гаворым пра апошнія чатыры–пяць гадоў, празмерную, татальную прывязку да расійскай эканомікі, якая фактычна існуе ў такім паралельным вымярэнні адносна сусветнай — гэта нейкае альтэрнатыўнае вымярэнне. І беларуская эканоміка, на жаль, усё мацней прывязваецца, завязваецца на гэты альтэрнатыўны свет. Гэта таксама стрымлівае яе ад магчымасці ўдзельнічаць у глабальнай канкурэнцыйнай барацьбе, ад магчымасці развівацца адпаведна», — лічыць госць студыі.
Прагноз на 10–15 гадоў: сцэнар Албаніі або Аргенціны
Калі палітычны і эканамічны курс застанецца нязменным, краіну не чакае імгненны калапс і разбурэнне. Але перспектыва выглядае гнятліва: паступовая дэградацыя і ператварэнне ў глабальнага аўтсайдара.
«Яшчэ раз падкрэслю... людзі ў параўнанні з учарашнім днём усё адно будуць жыць лепш, але праблема ў тым, што ў параўнанні з тым, як яны маглі б жыць і як будзе жыць астатні свет, гэта будзе выглядаць горш і горш. Вось фактычна ў 2040 годзе, у 2035-м ці 2036-м, калі мы сёння кажам, што адставанне ад Польшчы 35–40% паводле розных дадзеных, то яно павялічыцца да 50–55%. Гэта значыць, сярэдні беларус будзе жыць удвая горш, будзе бяднейшы, чым сярэдні паляк. І паступова-паступова гэты шлях у прорву будзе адчувацца ўсё мацней і мацней. Гэта не будзе выглядаць як нейкі аднамомантны выбух», — адзначыў Дзмітрый Крук.
Ён прывёў прыклад Албаніі або Аргенціны, дзе стагнацыя назапашвалася паступова, пакуль людзі не ўсвядомілі, што жывуць у адсталым, несучасным свеце. У выніку ўзнікла адчуванне, што краіна апынулася ў хвасце развіцця, хоць магла б быць сярод лідараў.