Ва Украіне адхілілі датычнасць да выбухоўкі каля газаправода, што ідзе ў Венгрыю
- 6.04.2026, 6:14
- 2,026
Кіеў намякнуў на Расію.
Украіна адмаўляе датычнасць да інцыдэнту з выбухоўкай каля газаправода, што ідзе ў Венгрыю. Пра гэта напісаў у сацсетцы X спікер МЗС Украіны Георгій Ціхі. У той жа час міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сіярта дапусціў «украінскі след» у нібыта сарванай дыверсіі на газаправодзе ў Сербіі, піша мясцовае выданне Index.
У МЗС заявілі, што не маюць дачынення да таго, што адбылося, і дапусцілі, што можа ісціся пра правакацыю з боку Расіі «пад чужым сцягам».
«Мы катэгарычна адкідваем спробы ілжыва звязаць Украіну з інцыдэнтам з выбухоўкай, выяўленай каля газаправода «Турэцкі паток» у Сербіі. Украіна не мае да гэтага ніякага дачынення. Найбольш верагодна, што гэта аперацыя Расіі «пад чужым сцягам» у межах актыўнага ўмяшання Масквы ў выбары ў Венгрыі», — напісаў Георгій Ціхі.
Міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сіярта не выключыў, што да нібыта прадухіленай дыверсіі на газаправодзе ў Сербіі можа быць датычная Украіна:
«Раней украінцы падарвалі «Паўночны паток». Пасля выбухаў яны доўга казалі, што гэта Расія — што нелагічна, бо навошта Расіі падрываць уласныя газаправоды, — заявіў Петер Сіярта. — За апошнія тыдні дзясяткі беспілотнікаў бесперапынна атакоўвалі газаправод «Турэцкі паток» на тэрыторыі Расіі, па якім прыродны газ паступае ў Венгрыю, а цяпер прадухілены сербамі тэрарыстычны акт з’яўляецца часткай серыі такіх атак».
Нагадаем, у Сербіі каля газаправода, што ідзе ў Венгрыю, выявілі выбухоўку. Пра знаходку паведаміў прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч, пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Абставіны інцыдэнту цяпер высвятляюцца.
Газаправод паміж Сербіяй і Венгрыяй функцыянуе як працяг другой веткі «Турэцкага патоку» («Балканскі паток»), па ім газ ідзе з Расіі ў Турцыю праз Балгарыю, Сербію і Венгрыю.