Дроны «разнеслі» нафтаправод каля расійскага порта Прыморск на Балтыцы
6- 5.04.2026, 12:49
- 4,474
Ленінградская вобласць РФ зноў пад ударам з паветра.
У Ленінградскай вобласці РФ ударныя беспілотнікі пашкодзілі ўчастак нафтаправода ў раёне порта Прыморск. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёна Аляксандр Драздзенка, перадае УНІАН.
Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся падчас ранішняй атакі дронаў: абломкі аднаго з беспілотнікаў пашкодзілі трубаправодную інфраструктуру.
У той жа час спадарожнікавыя даныя сістэмы маніторынгу пажараў NASA (сэрвіс FIRMS) зафіксавалі ўзгаранне не на самім трубаправодзе, а на тэрыторыі нафтабазы. Верагодна, ідзе гаворка пра пажар, які працягваецца яшчэ з канца сакавіка.
Порт у Прыморску з’яўляецца канчатковай кропкай Балтыйскай трубаправоднай сістэмы і найбуйнейшым нафтавым портам Расіі на Балтыйскім моры. Паводле ацэнак, ён здольны перавальваць да 1 млн барэляў нафты ў суткі, таму нават лакальныя пашкоджанні могуць паўплываць на лагістыку экспарту.
Верагодна, гаворка не пра магістральны нафтаправод, а пра берагавую інфраструктуру, якая забяспечвае працу тэрмінала.
Папярэднія атакі і маштабныя пашкоджанні
Порт ужо неаднаразова падвяргаўся атакам беспілотнікаў. У прыватнасці, пасля ўдару 23 сакавіка былі пашкоджаны некалькі прычалаў і пачаўся маштабны пажар на тэрыторыі рэзервуарнага парку.
Паводле адкрытых даных, тады маглі быць пашкоджаны прынамсі восем рэзервуараў аб’ёмам па 50 тысяч кубаметраў кожны — гэта каля 40% агульнай умяшчальнасці сховішчаў.
У цэлым тэрмінал мае магутную інфраструктуру з дзевяццю прычаламі для танкераў вялікай танажнасці і з’яўляецца адным з ключавых элементаў нафтавага экспарту РФ нароўні з портамі ў Усць-Лузе і Наварасійску.