5 красавiка 2026, Нядзеля, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Поўная і канчатковая перамога належыць справядлівасці і праўдзе»

«Поўная і канчатковая перамога належыць справядлівасці і праўдзе»
біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй
Фота: grodnensis.by

Велікоднае віншаванне для беларусаў ад біскупа Гродзенскага.

Віншаванні з Вялікаднем скіраваў духавенству і беларускім вернікам біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй:

— Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі!

Хрыстус уваскрос — сапраўды ўваскрос!

Сёння звяртаюся да кожнага з вас з гэтым традыцыйным прывітаннем, якое выражае сутнасць хрысціянскай веры. Для нас, хрысціян, няма важнейшай праўды, чым тая, што Хрыстус уваскрос. Няма больш урачыстага спеву, чым велікоднае «Аллелюя». Няма больш радаснага відовішча, чым пустая магіла нашага Збаўцы.

«Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1 Кар 15, 14), — піша святы апостал Павел. Калі б Хрыстус не ўваскрос, Яго Евангелле было б нічым большым, чым толькі марай пра лепшы свет і больш высакароднага чалавека — марай прыгожай і ўзнёслай і адначасова сумнай, бо немагчымай для выканання. Езус Хрыстус быў бы постаццю трагічнай: вестуном і абаронцам высокіх ідэалаў, які загінуў у барацьбе з жорсткай рэчаіснасцю гэтага свету.

Дзякуючы ўваскрасенню Езуса Хрыста мы можам убачыць у поўным ззянні праўду і моц Яго Добрай Навіны. Хоць наша штодзённасць напоўнена цяжкасцямі, сумам і трывогамі, у святле пасхальнай таямніцы мы верым, што поўная і канчатковая перамога належыць справядлівасці і праўдзе, любові і міру, дабру і прыгажосці. І нават апошні, найвялікшы наш вораг, якім з’яўляецца смерць, аказваецца бяссільным, раз і назаўсёды пераможаным Тым, хто дае жыццё.

Дарагія браты і сёстры! З нагоды свята Уваскрасення Пана выказваю вам самыя сардэчныя віншаванні. Няхай святкаванне велікодных урачыстасцяў стане для нас асабістай сустрэчай з Езусам Хрыстом, Панам і Адкупіцелем, які вядзе сваіх вернікаў зямнымі шляхамі да паўнаты шчасця ў нябеснай айчыне.

Няхай блізкасць Хрыста і моц Яго ласкі ўжо цяпер дазволяць кожнаму з нас спазнаць радасць новага, пасхальнага жыцця. Няхай кожны дзень нашай зямной пілігрымкі будзе напоўнены надзеяй і аптымізмам, будзе шчодрым на ўчынкі любові і дабрыні, натхняе да бескарыслівага служэння і аддання сябе дзеля бліжніх. Будзем абвяшчаць усяму свету, што Хрыстус уваскрос, не толькі словамі, але і праўдай нашага жыцця.

Яднаюся з вамі, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, у радасным святкаванні Хрыстовай перамогі, памятаю пра вас у сваіх малітвах і пакорна прашу аб малітве за мяне.

Радасных велікодных святаў!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках