4 красавiка 2026, Субота, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці заблакуюць YouTube у Беларусі?

14
Ці заблакуюць YouTube у Беларусі?

Пасля выдалення прапагандысцкіх каналаў лукашысты загаварылі пра забарону.

Увечары 3 красавіка стала вядома, што відэасэрвіс YouTube выдаліў з агульнага доступу каналы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і СТВ, а таксама дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Апошняе тлумачыла, што выдаленне звязанае з санкцыямі, хоць яно само не пад санкцыямі.

За беларускую прапаганду ўступілася расійская: ад генеральнага дырэктара ТАСС да Саюза журналістаў Расіі. Уступілася за іх нават «Сусветная федэрацыя журналістаў» (WJF) – былая Нацыянальная федэрацыя журналістаў Пакістана, якая ў 2024-м перайменавала сябе ў «сусветную». Яе не варта блытаць з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў (IFJ), якая выступала супраць рэпрэсій і абмежаванняў свабоды слова ў Беларусі.

Асобныя прапагандысты і сілавікі ўжо прапануюць заблакаваць YouTube у Беларусі. У Расіі ж ужо заблакавалі. Але прапагандысты ўжо не ўзгадваюць, што на выпадак блакіроўкі YouTube у Беларусі або выдалення прапаганды адтуль у Беларусі стварылі клон відэахостынгу YouTube — «Відэа.бел».

Што адбылося з каналамі прапагандыстаў, невядома, але, падобна, што іх заблакавалі за парушэнні правілаў YouTube. Прапагандысты прапануюць у адказ заблакаваць увесь YouTube у Беларусі, але гэты відэасэрвіс мае для іх занадта вялікае значэнне, кажуць суразмоўцы «Белсата».

Чаму выдалілі гэтыя каналы?

Эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні кажа «Белсату»: найбольш верагоднай прычынай блакіроўкі трох прапагандысцкіх каналаў можа быць размяшчэнне на іх відэа, што груба парушалі правілы YouTube — напрыклад, утрымлівалі персанальныя даныя, як у відэа пра Беларускі расследчы цэнтр (кіраўнік БРЦ пацвярджаў, што падаваў скаргу на гэта). Алгарытмы YouTube могуць вызначаць гэта аўтаматычна, таму сінхронна маглі быць заблакаваныя і каналы, якімі кіравалі з аднаго ўліковага запісу.

«Хутчэй за ўсё, кіраванне некалькімі каналамі было з аднаго ўліковага запісу і, адпаведна, яны маглі быць заблакаваныя аўтаматычна, бо ўладальнік уліковага запісу парушыў нормы супольнасці, — выказвае здагадку Кванталіяні. — Трэба пачакаць нейкай афіцыйнай інфармацыі з боку YouTube».

Што дакладна адбылося, невядома, падкрэслівае ў каментары «Белсату» старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі. Магчыма, каналы былі цалкам выдаленыя. А можа, проста «замарожаныя». Прычынай маглі стаць скаргі карыстальнікаў, уключаючы атакі СТВ на канкрэтных людзей. Але магчымыя і іншыя прычыны. Не абавязкова санкцыі, бо Белтэлерадыёкампанія пад санкцыямі, а яе YouTube-канал не выдалены. Ці пакуль не выдалены, а будзе выдалены пазней.

YouTube у Беларусі тэхнічна могуць заблакаваць. Але гэта будзе непрактычна

Да блакіроўкі YouTube ужо заклікаюць асобныя беларускія прапагандысты і сілавікі. Кванталіяні адзначае, што цяпер пытанне ў тым, ці змогуць прапагандысты аднавіць тыя каналы, якія былі заблакаваныя або выдаленыя. Гэта залежыць ад таго, як яны будуць узаемадзейнічаць з YouTube і ці будуць згаджацца выдаляць кантэнт, які парушыў нормы супольнасці.

Быкоўскі адзначае: у Беларусі, у адрозненне ад Расіі, не прымалі рашэнняў пра «замаруджанне» YouTube і забарону сацыяльных сетак і мэсэнджараў. Гэта падаецца эксперту як канкрэтнае рашэнне: «Не блакаваць». Каб перагледзець гэтае рашэнне, патрэбныя падставы — і, магчыма, дазвол самога Аляксандра Лукашэнкі.

«У Беларусі могуць быць гульні з тым, што „мы забаронім YouTube“, — дапускае Быкоўскі. — Гэта простае рашэнне для захавання твару: выпад супраць нас — мы рэагуем. Але, з другога боку, напэўна, ёсць і аргументы, што можна захавацца, перазалівацца на іншыя каналы, ствараць новыя каналы і працаваць далей».

«У значнай ступені беларускія прапагандысты выкарыстоўвалі заходнія сацыяльныя сеткі і відэахостынг YouTube, каб падставіць плячо расійскім калегам. Хутчэй за ўсё, такая логіка захаваецца», — прагназуе Быкоўскі.

«У Беларусі людзі, якія прымаюць такога кшталту рашэнні, на самым высокім узроўні — і такога ўзросту, што ім YouTube не вельмі цікавы. Лукашэнка неаднаразова казаў, што тэлебачанне — наша ўсё, а гэты інтэрнэт — гэта дурнота, не звяртайце ўвагі.

Але спецыялісты там ёсць. Яны разумеюць, навошта патрэбны доступ да людзей, якія карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, YouTube і гэтак далей. Таму, хутчэй за ўсё, будзе прынята ўзважанае рашэнне. Але разам з тым я б не выключаў павелічэння рызыкі таго, што ў Беларусі могуць па расійскім прыкладзе забараніць YouTube».

Кванталіяні завочна згодны з такім меркаваннем. Заблакаваць YouTube тэхнічна магчыма, што бачна на прыкладзе Расіі. Але ён, як і Быкоўскі, лічыць, што YouTube — даволі важны актыў для прапаганды, у тым ліку інструмент данясення расійскай прапаганды праз беларускія каналы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках