4 красавiка 2026, Субота, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«70 кулічоў на дзень»: гісторыя беларускі, якая пакарыла Варшаву выпечкай

1
«70 кулічоў на дзень»: гісторыя беларускі, якая пакарыла Варшаву выпечкай

Яе дэсерты замаўляюць беларусы, украінцы і палякі.

Перад Вялікаднем у Валерыі на сон застаецца ўсяго некалькі гадзін. Увесь астатні час яна пячэ кулічы па замовах беларусаў і ўкраінцаў Варшавы. Справа ў тым, што ў Польшчы на Вялікдзень прынята есці «бабку» — па форме і тэкстуры яна падобная да кекса, — але эмігранты сумуюць па звыклай выпечцы. Праўда, і тут Валерыя не ўтрымліваецца ад эксперыментаў: яе кулічы шчодра напоўненыя шакаладнай карамеллю і вішнёвым джэмам. Беларуска распавяла выданню Most, як гэта — выпякаць па 70 кулічоў на дзень і што пра яе выпечку думаюць палякі.

«Тата цягнуў на сабе 11 кілаграмаў мармуровай пліты для шакаладу»

Кандытарскай справай Валерыя захапілася ў 11 класе — тады ўпершыню спякла шарлотку і зразумела, што гэта ёй даспадобы. Праўда, вучыцца пайшла на фельчара-акушэра, а пякла як хобі.

— Бацькі мяне вельмі падтрымлівалі. Маці ўласнымі рукамі майстрыла кардонныя скрыначкі для маіх дэсертаў. А аднаго разу мы паехалі ў Кіеў — я хацела купіць там мармуровую паверхню, на якой тэмперуюць шакалад. Тата цягнуў на сабе 11 кілаграмаў гэтай пліты ў метро, толькі каб я займалася, — успамінае беларуска.

У медыцыне Валерыя адпрацавала тры гады, але потым усё ж цалкам пайшла ў кандытары — пачала пячы вырабы на замову. Кар'еру пачынала ў Мінску — была шэф-кандытаркай у адной з устаноў. А пераехаўшы ў Варшаву, пачала шукаць працу ў той жа сферы.

Спачатку я папрацавала ў рэстаране [вядомай рэстаратаркі і тэлевядучай] Магды Гэсслер, а потым уладкавалася шэф-кандытаркай у беларускае завядзенне. Але ў выніку сышла з найму, — расказвае дзяўчына.

«Смак — адзін са спосабаў пазнання свету, як зрок або слых»

Паводле назіранняў Валерыі, традыцыі выпечкі і дэсертаў у Беларусі і Польшчы вельмі адрозніваюцца.

«Для нас безе «Паўлава» — занадта прыткотае, а палякам яно вельмі даспадобы. Тут любяць салодкія і тварожныя дэсерты. Мы ўсё ж такі аддаем перавагу эксперыментам у смаках, незвычайным тэкстурам. Я лічу, што смак — адзін са спосабаў пазнання свету, як зрок або слых. Таму я заўсёды за тое, каб прапаноўваць людзям тое, чаго яны ніколі не спрабавалі».

Пераехаўшы ў Польшчу, Валерыя не стала падладжвацца пад мясцовыя смакавыя перавагі, захаваўшы жарсць да эксперыментаў. І высветлілася, што некаторыя польскія кліенты адкрытыя да незвычайных спалучэнняў, напрыклад да пірожных «макарон» з сырам бры і ягадамі.

«Вырашыла прапанаваць нашу звычайную булаку — попыт быў вельмі вялікі»

Да Вялікадня Валерыя выпякае кулічы. Традыцыйныя, як прынята ў Беларусі і Украіне, якіх у Польшчы амаль не сустрэнеш. У гэтай краіне прадаюць пераважна «бабку» — і па цесце, і па форме гэта звыклы для беларусаў кекс.

«Таму я вырашыла прапанаваць людзям наш звычайны куліч — попыт сярод беларусаў і ўкраінцаў быў вельмі вялікі».

Спачатку Валерыя рабіла класічныя кулічы — без начынкі, а таксама з ваніллю і шакаладам. А на наступны год і тут вырашыла паэксперыментаваць — так з'явіўся куліч з вішняй, макам і мерэнгай, а яшчэ — з апельсінам і шакаладам.

«Пішуць, што гэта не велікодны куліч»

Начынкі ў кулічы Валерыя не шкадуе, хоць часам за гэта яе лаяць.

«Пішуць, што гэта не куліч. Маўляў, сапраўдны куліч павінен быць выключна з разынкамі і глазурай зверху. Але замоў і станоўчых водгукаў столькі, што мне здаецца, я на правільным шляху. Мне падабаецца пераасэнсоўваць класіку: раптам, калі дадаць у выпечку новую дэталь, смак стане яшчэ лепшы», — разважае дзяўчына.

Да незвычайных кулічоў з цікавасцю паставіліся і палякі — аматары дражджавой выпечкі.

«А вось у чым мы падобныя ў смаках — дык гэта ў маковым рулеце, які палякі традыцыйна выпякаюць і да Божага Нараджэння, і да Вялікадня. У рулет кладуць шмат мака, а таксама дадаюць разынкі і цукаты», — распавядае Валерыя.

«Куліч трэба хутка спекчы і з'есці»

Кулічы да Вялікадня Валерыя выпякае адна. Звычайна ёй даводзіцца рабіць мінімум 50 вырабаў. Гэта працаёмкі працэс. Спачатку дражджаваму цесту трэба адстаяцца і падняцца. Паралельна трэба прыгатаваць начынкі і крэмы, а потым выпячы вырабы і зрабіць дэкор.

«У мяне не выходзіць узяць больш за 70 замоў на дзень, бо куліч — гэта выраб, які трэба хутка спекчы і аддаць заказчыку, каб ён адразу яго з'еў. Бо такія былачкі смачныя, пакуль свежыя. Таму напярэдадні Вялікадня я працую начамі, на сон застаецца ўсяго пару гадзін».

У працы Валерыю падтрымлівае муж: закупае 20‑кілаграмовыя мяшкі мукі і дапамагае развозіць замовы па Варшаве.

«І сочыць, каб я і сама паела», — смяецца Валерыя.

У жыцці з дыябетам кандытарская справа нават дапамагла

З пяці гадоў беларуска жыве з цукровым дыябетам першага тыпу, яна мае патрэбу ў ін'екцыях інсуліну. Уначы ногі можа зводзіць курчамі, а рамяство, якое абрала Валерыя, патрабуе стаяць шмат гадзін.

«У пэўным сэнсе кандытарская справа мне нават дапамагла: калі раней я магла патаемна ад бацькоў бескантрольна есці салодкае, то цяпер спрабую дэсерты выключна з прафесійнай цікавасці».

Яшчэ за тыдзень да каталіцкага Вялікадня ўсе замовы на кулічы ў Валерыі былі распісаныя.

«Гэтая сфера патрабуе вельмі шмат сіл і часам паглынае цябе цалкам. Але я так люблю кандытарку: калі ты чымсьці гарыш, дык хочаш імкнуцца да большага», — усміхаецца яна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках