«Лукашэнка брэша, як яго шпіц»
5- 3.04.2026, 19:45
- 3,688
Карта стратэгічных аб’ектаў ёсць у ўсіх суседзяў Беларусі.
Лукашэнка даручыў вайскоўцам «часцей змяняць раёны канцэнтрацыі з улікам даных разведкі ў магчымага праціўніка». Паводле слоў кіраўніка, яму даслалі фатаздымкі «з украінскага беспілотніка».
— Я іх паглядзеў. Раён Брэста яны знялі. І нашу брыгаду там, і ўсе гэтыя пункты, што знаходзяцца ў гэтым раёне. Яны ўсё бачаць і ведаюць, — перадае словы Лукашэнкі БелТА.
Украінскі палітолаг Яўген Магда у каментары «Салідарнасці» выказаў сумневы ў праўдзівасці слоў Лукашэнкі.
— Верыць Лукашэнку — сябе не паважаць. Ён брэша, як яго шпіц. Думаю, калі б украінскія беспілотнікі патраплялі ў Брэсцкі раён, дык беларускі МЗС ужо біўся б у істэрыцы і абвінавачваў бы Украіну ва ўсім, у чым толькі можна, — кажа Магда.
Раён размяшчэння ракетнай сістэмы «Арэшнік» або, прынамсі, яе кампанентаў, быў вызначаны даволі хутка без усялякіх беспілотнікаў.
Навошта Украіне ўсё гэта разведваць, калі, прынамсі, Мазырскі і Наваполацкі НПЗ знаходзяцца ў зоне дасяжнасці і ракет, і БПЛА? Для чаго Украіне рабіць такія рэчы?
Сёння, думаю, карта стратэгічных аб’ектаў ёсць у ўсіх суседзяў Беларусі. Калі б ва Украіны было палітычнае рашэнне, усё адбылося б ужо даўно.
Таму ў мяне ёсць толькі адна версія, як Лукашэнка мог «атрымаць фота» з дрона. Перадалі іншапланецяне. Відаць, захапіўшы ўкраінскі дрон. Тое, што ён распавядае, настолькі непрафесійнае і так патыхае Крамлём, што проста агідна.