Улады Кубы абяцаюць вызваліць больш за 2000 зняволеных
4- 3.04.2026, 17:27
- 1,280
Сярод іх будуць замежныя грамадзяне, моладзь, жанчыны і асобы ва ўзросце старэйшыя за 60 гадоў.
Афіцыйная заява аб памілаванні 2010 чалавек была распаўсюджана пасольствам Кубы ў ЗША. У дакуменце падкрэсліваецца, што пад амністыю трапляюць жанчыны, моладзь, асобы старэйшыя за 60 гадоў, а таксама замежныя грамадзяне. Прадстаўнікі дыпламатычнай місіі адзначылі, што гэтая акцыя прымеркаваная да рэлігійных святкаванняў Вялікага тыдня, што з’яўляецца традыцыйнай практыкай для пенітэнцыярнай сістэмы вострава.
Гэта ўжо другі выпадак у гэтым годзе, калі Гавана абвяшчае пра вызваленне зняволеных, паведамляе The Wall Street Journal.
У сакавіку быў вызвалены 51 чалавек пасля перамоў з Ватыканам. У 2025 годзе Куба вызваліла 553 чалавекі ў рамках дамоўленасці, дасягнутай пры пасярэдніцтве Ватыкана і ЗША, гаворыцца ў заяве кубінскага пасольства ў ЗША.
Пасля вяртання ў Белы дом прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выразна заявіў пра сваё імкненне змяніць кіраўніцтва Кубы і ўвёў нафтавую блакаду, што прывяло да сур’ёзнага дэфіцыту паліва і маштабных адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне.