Сярод расіян, што галасуюць за Пуціна, выяўлены рэзкі рост раздражнення
2- 3.04.2026, 15:31
- 2,596
З-за блакаванняў, падаткаў і цэн.
У Расіі на фоне блакаванняў інтэрнэту, росту падаткаў і цэн у крамах рэзка павялічылася колькасць грамадзян, якія адчуваюць напружанне, раздражненне і страх. У цэлым у сакавіку негатыўныя пачуцці перажывалі 24% расіян супраць 18% у лістападзе мінулага года, вынікае з апытання «Левада-Цэнтра».
Пры гэтым найбольш лаяльныя да ўлады групы насельніцтва часцей гаварылі пра раздражненне. Так, пра негатыўныя эмоцыі ў лістападзе заявілі 29% апытаных жанчын, 31% расіян старэйшых за 55 гадоў, а таксама 40% тых, каму ледзь хапае на ежу. Сярод тых, хто адкрыта падтрымлівае Уладзіміра Пуціна, пра напружанне і раздражненне паведамілі 15%.
Адначасова вырасла доля тых, хто лічыць, што краіна рухаецца ў няправільным накірунку: з 21% у лістападзе мінулага года да 26% у сакавіку бягучага года. На гэтым фоне ВЦІОМ зафіксаваў зніжэнне ўзроўню адабрэння дзейнасці Пуціна, які з пачатку года ўпаў на 4,3 п. п. — да 70,1%. Ён аказаўся самым нізкім з першых дзён вайны. Таксама ўпаў рэйтынг «Адзінай Расіі» — да 29,3% супраць 33,8% у сярэдзіне студзеня. Незадаволенасці лаяльных да ўлады расіян сапраўды стала больш, прызнаў крыніца «Версткі» ў «Адзінай Расіі». «Былы ядзерны электарат сёння крыху сумняваецца. Праблема ёсць», — адзначыў суразмоўца выдання ў адным з аддзяленняў партыі ў Цэнтральнай федэральнай акрузе. Аднак ён выказаў надзею, што «незадаволеная аўдыторыя растворыцца» бліжэй да выбараў у Дзярждуму ў верасні.
Адключэнні інтэрнэту сталі «дабівальным фактарам» для лаяльных да ўлады расіян, кажа былы спічрайтэр Пуціна, палітолаг Аббас Галлямоў. «Тут кепска, там кепска — і яшчэ інтэрнэт адключылі. Гэта датычыцца кожнага. <�…> Гэта ўмяшальніцтва ў асабістую прастору», — патлумачыў палітолаг. Больш за тое, паводле яго слоў, электарат Пуціна стаў менш баяцца ўлады. «У іх ёсць адчуванне: мы ў сваім праве. мы ж заўсёды галасавалі за Пуціна, «Адзіную Расію», рабілі ўсё, што вы хацелі. А нас-то за што? Мы вас падтрымлівалі, а нам дасталося, вы нас кінулі. Адчуванне разарванага сацыяльнага кантракту», — падкрэсліў палітолаг.
Негатыў зашкальвае з-за пагаршэння стану эканомікі і росту цэн, пагаджаецца палітолаг Аляксандр Кынеў. Паводле яго слоў, на працягу мінулага года пастаянна гаварылі, што вайна ва Украіне вось-вось скончыцца і санкцыі скасуць. «Прапаганда зрабіла вельмі вялікую памылку — грамадству, якое ўжо крыху адаптавалася, нечакана разберадзілі новымі надзеямі рану, якая ўжо амаль загойвалася. Пайшоў разгон гэтых чаканняў — і яго, бац!, рэзка спынілі. Я назваў гэта «пытка надзеяй», — адзначыў Кынеў.