Чалавек зноў ляціць да Месяца ўпершыню за паўстагоддзя
8- 1.04.2026, 12:26
- 2,868
НАСА запускае пілотаваную місію «Артэміда-2».
У сераду НАСА спадзяецца накіраваць з касмадрома на мысе Канаверал першую за 54 гады экспедыцыю астранаўтаў да Месяца, паведамляе Руская служба Бі-Бі-Сі.
Пасадкі на паверхню спадарожніка Зямлі пакуль не будзе: паводле праграмы экспедыцыі «Артэміда-2» чацвёра астранаўтаў абляцяць Месяц і праз дзесяць дзён вернуцца на Зямлю.
Пасадка на Месяц плануецца ў 2028 годзе — і затым, рэгулярна накіроўваючы экспедыцыі на спадарожнік Зямлі, НАСА плануе пабудаваць там пастаянную базу.
У аўторак, на апошнім з штодзённых брыфінгаў пра будучы палёт, прадстаўнікі НАСА заявілі, што да яго ўсё гатова.

Калі не перашкодзіць надвор’е — воблакі або моцны вецер (ці тэхнічныя няспраўнасці) — гіганцкая ракета Space Launch System з караблём «Арыён» стартуе 1 красавіка а 18:24 па мясцовым часе (01:24 чацверга па Мінску).
Калі спроба старту ў сераду не ўдасца, НАСА гатова зрабіць новыя — акно для гэтага будзе заставацца адкрытым яшчэ на працягу шасці дзён.
Як адзначае карэспандэнт Бі-Бі-Сі ў Белым доме Бернд Дэбюсман-мал., у выпадку поспеху праграма «Артэміда» дадасць палітычных ачкоў адміністрацыі Трампа, на пэўны час аб’яднае ўсіх амерыканцаў у гонары за сваю краіну, а таксама дасць Злучаным Штатам дадатковую перавагу перад Кітаем у касмічнай гонцы ўвогуле і ў патэнцыйнай барацьбе за карысныя выкапні Месяца ў прыватнасці.
У далейшай перспектыве база на Месяцы, паводле планаў НАСА, павінна стаць трамплінам для палёту чалавека на Марс.

Асабісты праект Трампа
Амерыканскія астранаўты ўпершыню высадзіліся на Месяц у ліпені 1969 года, а апошні раз зляталі туды ў 1972-м.
Пасля гэтага размовы пра вяртанне на Месяц неаднаразова ўзнікалі, але менавіта Дональд Трамп падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну запусціў праграму адпраўкі чалавека на суседнія нябесныя целы.
Праўда, падпісаная ім у 2017 годзе «Дырэктыва нумар адзін аб касмічнай палітыцы» спачатку прадугледжвала накіраванне астранаўтаў адразу на Марс.
На другі тэрмін фокус перамясціўся на Месяц.
У снежні мінулага года Трамп падпісаў указ, згодна з якім ЗША павінны вярнуцца на Месяц у 2028 годзе і пабудаваць там пастаянную базу да 2030 года.
Канкурэнцыя з Кітаем
У эпоху першых палётаў на Месяц ЗША змагаліся за першынство ў космасе і прэстыж на Зямлі з Савецкім Саюзам. Цяпер іх галоўны канкурэнт — Кітай. Пекін плануе накіраваць тайканаўтаў на Месяц у бліжэйшыя гады.
У тым апошнім касмічным указе Трампа Кітай як супернік у месяцовай гонцы не згадваўся, але кіраўнік НАСА Джарэд Айзэкман адкрыта гаворыць пра гэтую канкурэнцыю.
«Мы маем справу з сапраўдным геапалітычным супернікам, які кідае выклік першынству ЗША ў космасе, — сказаў Айзэкман 24 сакавіка. — Гэтым разам наша мэта — не сцягі і сляды на паверхні. Гэтым разам наша мэта — застацца. Амерыка больш ніколі не аддасць Месяц».
«Месяцовая ліхаманка»
Пачатак асваення Месяца можа ў далейшай перспектыве прывесці і да вялізнай эканамічнай выгоды.
Пра гэта, у прыватнасці, сказаў былы кіраўнік НАСА Шон О’Кіф у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі.
«Мы шмат гадоў думалі, што гэта проста камяк пылу, а потым высветлілі, што там існуе значная колькасць гелія-3», — сказаў ён, патлумачыўшы, што гэты ізатоп гелія ў перспектыве можа стаць тэрмаядзерным палівам у рэактарах будучыні, кампактных і з доўгім тэрмінам службы.
Акрамя таго, на Месяцы ёсць рэдкія металы, такія як літый, плаціна і іншыя, а яны патрэбныя ў вытворчасці зямной электронікі. Цяпер на рынку гэтых металаў дамінуе Кітай, што вельмі турбуе адміністрацыю Трампа.
Колькі могуць каштаваць усе гэтыя карысныя выкапні Месяца, цяпер невядома, але гэта можа быць зусім гіганцкая сума. Гелій-3, якога вельмі мала ў зямной атмасферы, цяпер каштуе каля 20 млн долараў за кілаграм.
Клейтан Своуп, былы супрацоўнік аддзела навукі і тэхналогій ЦРУ, цяпер аналітык у амерыканскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў, кажа, што адна з мэт праграмы «Артэміда» — якраз удакладніць, што можа даць Месяц.
«Мы пакуль не можам прывесіць на Месяц цэннік у доларах, але ад суперніцтва і канкурэнцыі з Кітаем тут нікуды не дзецца», — сказаў ён Бі-Бі-Сі.
Адчуванне гонару і адзінства
Пакаленне Дональда Трампа на ўласныя вочы бачыла, як Ніл Армстранг у ліпені 1969 года зрабіў першы крок па паверхні Месяца. Гэты гістарычны момант назаўжды адбіўся ў іх калектыўнай свядомасці.
У той жа час унутры краіны, у ЗША, тады панавала палітычная разладжанасць. Амерыканскія салдаты гінулі ў непапулярнай вайне ў В’етнаме. Барацьба за грамадзянскія правы была ў самым разгары. Яшчэ была вельмі свежая памяць пра забойствы Марціна Лютэра Кінга і Роберта Кенэдзі у 1968-м. А ў Белым доме сядзеў Рычард Ніксан, прэзідэнт, стаўленне да якога расколвала амерыканскае грамадства.

І пры ўсім гэтым ад 125 да 150 млн амерыканцаў — да трох чвэрцяў насельніцтва краіны — у той момант як адзін глядзелі трансляцыю высадкі экіпажа «Апалона-11» на Месяц і разам ганарыліся сваёй краінай.
Цяпер ЗША зноў расколатыя, зноў ваююць — і, як некаторыя мяркуюць, зноў менавіта палёт да Месяца можа даць амерыканцам магчымасць ізноў адчуць сябе адзінай і ганарлівай нацыяй.
«Космас — адна з нямногіх сфер, на дасягненні ў якой амерыканцы рознай палітычнай арыентацыі могуць глядзець і радавацца разам, — кажа спецыялістка па космасе з аналітычнага Савета па міжнародных адносінах Эстэр Брыммер. — Большасць амерыканцаў бачыць падставу для гонару ў сваёй касмічнай праграме, яе сацыяльны ўплыў такі, што яна ўвогуле аб’ядноўвае людзей».