ФСБ будзе сачыць за трафікам кампаній дзеля выяўлення VPN
3- 1.04.2026, 12:03
- 2,514
Парушальнікаў могуць пазбаўляць акрэдытацыі.
Федэральная служба бяспекі (ФСБ) пачне сачыць за трафікам на сэрвісах расійскіх ІТ-кампаній, каб выяўляць доступ да іх з дапамогай VPN, паведамілі «Коммерсанту» дасведчаныя крыніцы. Паводле іх слоў, у выпадку выяўлення такога доступу ФСБ атрымае права ўносіць у Мінліч прапановы аб пазбаўленні акрэдытацыі ІТ-кампаній. Яна прадугледжвае для бізнесу падатковыя льготы: распрацоўнікаў вызваляюць ад выплаты ПДВ, стаўка падатку на прыбытак зніжаецца з 25% да 5%, а таксама дзейнічаюць паніжаныя страхавыя ўзносы. Акрамя таго, супрацоўнікі кампаній, якія прайшлі акрэдытацыю, маюць адтэрміноўку ад вайсковай службы і могуць атрымаць ІТ-іпатэку.
Таксама Мінліч распрацавала праект пастановы ўрада, паводле якога кампаніі могуць страціць права на перадусталёўку сваіх прыкладанняў на прыладах у Расіі ў выпадку, калі яны будуць прапускаць VPN-трафік. Да гэтага крыніцы «Коммерсанта» паведамлялі пра ідэю выключыць з «белых спісаў», даступных пры адключэнні інтэрнэту, сэрвісы, на якія можна будзе зайсці з дапамогай сродкаў абыходу блакіровак. Таксама ад мабільных аператараў запатрабавалі ўстанавіць ліміт трафіку ў 15 гігабайтаў на месяц пры выкарыстанні VPN. Усё гэта адбываецца на фоне рэзкага ўзмацнення ўладамі барацьбы з абыходам блакіровак: на пачатку года Раскамнагляд абмежаваў працу больш за 400 VPN-сэрвісаў у Расіі, што на 70% больш, чым за тры месяцы да гэтага.
Абмяркоўваныя меры неабходныя, каб не дапусціць увядзення адказнасці для расіян за выкарыстанне VPN, кажуць крыніцы «Коммерсанта». Кіраўнік Мінліча РФ Максут Шадаеў раней таксама заяўляў, што ведамства «супраць увядзення адміністрацыйнай адказнасці» за прымяненне сродкаў абыходу блакіровак. Аднак, паводле яго слоў, перад ягоным міністэрствам стаіць задача знізіць выкарыстанне VPN-сэрвісаў у краіне. Крыніцы «Рускай службы Бі-бі-Сі» казалі, што за ініцыятывамі па абмежаванні VPN стаіць ФСБ.