Адна з краін Персідскага заліва рыхтуецца дапамагчы ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў
- 1.04.2026, 9:48
- 5,556
Гэта можа быць першы выпадак у гісторыі.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты рыхтуюцца дапамагчы ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў. Гэта можа стаць першым выпадкам, калі краіна Персідскага заліва стане ўдзельніцай баявых дзеянняў у адказ на атакі Ірана.
Пра гэта паведамляе Wall Street Journal.
Выданне цытуе неназваных арабскіх чыноўнікаў, якія заявілі, што ААЭ лабіруюць рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН, якая дазволіла б такія дзеянні.
Дыпламаты Эміратаў заклікалі ЗША і вайсковыя сілы ў Еўропе і Азіі сфарміраваць кааліцыю для сілавога адкрыцця праліву, паведамілі чыноўнікі.
Прадстаўнік ААЭ заявіў, што іранскі рэжым лічыць, што «змагаецца за сваё існаванне і гатовы задушыць сусветную эканоміку праз блакаду праліву».
Ён таксама адзначыў, што краіна актыўна вывучае магчымасці свайго ваеннага ўдзелу ў забеспячэнні бяспекі праліву, у прыватнасці намаганні па размініраванні і прадастаўленні іншых паслуг забеспячэння.
Пры гэтым, нават у выпадку правалу галасавання, Эміраты гатовыя далучыцца да ваенных намаганняў, адзначаюць крыніцы.
У МЗС ААЭ заявілі, што існуе «шырокі глабальны кансэнсус, што свабода навігацыі ў Армузскім праліве павінна быць захавана».
Паводле слоў некаторых арабскіх чыноўнікаў, ААЭ заклікаюць ЗША акупаваць астравы на гэтым стратэгічным водным шляху. У прыватнасці, востраў Абу-Муса, які Іран утрымлівае ўжо паўстагоддзя і на які прэтэндуюць Эміраты.
Саудаўская Аравія і іншыя дзяржавы Заліва цяпер настроеныя супраць іранскага рэжыму і хочуць, каб вайна працягвалася да той пары, пакуль ён не будзе абясшкоджаны або скінуты.
Да пачатку вайны ААЭ разглядалі Іран як складанага суседа, палітычныя пазіцыі якога ўсё ж паддаваліся пэўнай логіцы. Але з 28 лютага рэжым паказаў сваё сапраўднае аблічча.
Адначасова ўдзел Эміратаў у патэнцыйнай аперацыі нясе значныя рызыкі, бо можа прывесці да доўгатэрміновай напружанасці з Іранам.
На гэтым фоне Тэгеран ужо адрэагаваў узмацненнем атак па тэрыторыі ААЭ.
За апошнія дні інтэнсіўнасць ракетных і беспілотных удараў рэзка ўзрасла — у прыватнасці, было выпушчана каля 50 балістычных і крылатых ракет і беспілотнікаў.
Іран таксама папярэдзіў, што будзе знішчаць крытычную інфраструктуру любой краіны Персідскага заліва, якая падтрымае сілавую аперацыю, наўпрост згадаўшы ААЭ.