У Крыме знайшлі месца крушэння ваенна-транспартнага самалёта Ан-26
6- 1.04.2026, 8:59
- 3,746
Загінулі 29 чалавек.
У Крыме выяўлена месца крушэння расійскага ваенна-транспартнага самалёта Ан-26. Загінулі 29 чалавек, сярод іх 23 пасажыры і 6 членаў экіпажа, паведамляе ТАСС са спасылкай на Мінабароны Расіі.
Напярэдадні, каля 18.00 па беларускім часе 31 сакавіка, падчас планаванага пералёту над Крымам была страчана сувязь з ваенна-транспартным самалётам Ан-26.
«Пошукава-выратавальнай групай выяўлена месца катастрофы самалёта Ан-26», — паведамілі ў Мінабароны РФ. Паводле дакладу з месца здарэння, загінулі шэсць членаў экіпажа і 23 пасажыры, якія знаходзіліся на борце.
На месцы крушэння працуе камісія ведамства. Паведамляецца, што «паражальнага ўздзеяння на самалёт не выяўлена», папярэдняя прычына надзвычайнага здарэння — тэхнічная няспраўнасць.
Паводле звестак крыніцы ТАСС, самалёт урэзаўся ў скалу.