У кума Пуціна знайшлі самы дарагі ў Маскоўскай вобласці палац
- 1.04.2026, 4:42
- 2,652
Расследаванне.
У элітным пасёлку «Жукоўка — 21 век» на Рублёўцы пад Масквой выяўлены маёнтак, звязаны з кумам Уладзіміра Пуціна Віктарам Медвядчуком. Як устанавілі «Следствие.Инфо» і KibOrg у сумесным расследаванні «Хросніца Пуціна і яе палацы», сям’я Медвядчука ў гэтым доме не жыве, а сам аб’ект лічыцца самым дарагім для арэнды ў Маскоўскай вобласці: год таму сэрвіс «Яндекс.Недвижимость» прапаноўваў зняць яго за 120 тысяч долараў у месяц (больш за 9,7 млн рублёў па бягучым курсе).
Дом і прылеглыя ўчасткі аформлены на расійскую кампанію «Алмирида Инвестментс», якая належыць АО «Ренессанс» — структуры, якую ўзначальвае жонка Медвядчука, Аксана Марчэнка. Генеральным дырэктарам кампаніі значыцца 21‑гадовая Дар’я Марчэнка — дачка Медвядчука і хросніца Пуціна.

Паводле дадзеных «Следствие.Инфо», маёнтак размешчаны прыкладна ў дзевяці кіламетрах ад Масквы і займае чатыры зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 60,5 сотак. Плошча самога дома складае 2217,4 квадратнага метра. У аб’яве на «Яндекс.Недвижимости» пазначана, што асабняк быў пабудаваны ў 2015 годзе, а тэрыторыя аформленая ў англійскім ландшафтным стылі.
Як вынікае з апісання, у доме абсталяваныя камінная зала, сталовая, кухня, кінaзал, СПА-зона з басейнам, саўнай і хамамам, трэнажорная зала, пакоі для персаналу і пральня. На другім паверсе размешчаны спальні з асобнымі санвузламі, кабінет, бібліятэка, гасціныя і дадатковыя памяшканні. У будынку таксама ёсць ліфт і схаваная сістэма відэаназірання. На тэрыторыі прадугледжаны гараж на пяць аўтамабіляў і паркоўка яшчэ на пяць машын.

Віктар Медвядчук быў затрыманы СБУ ў красавіку 2022 года па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе, а ў верасні таго ж года перададзены Расіі ў абмен на палонных байцоў «Азова». Паводле дадзеных разведкі ЗША, яго кандыдатура разглядалася Крамлём як магчымы варыянт для кіраўніцтва ўкраінскім урадам.
Дар’я Марчэнка, як усталявала «Следствие.Инфо», у кастрычніку 2025 года атрымала расійскі пашпарт у Галоўным упраўленні МУС у Маскве. З 2021 года яна жыве ў Маскве, скончыла бакалаўрыят Вышэйшай школы эканомікі па напрамку «Кіраванне бізнесам», цяпер вучыцца ў магістратуры. У лютым 2026 года яна ўзначаліла дзве расійскія кампаніі — «Алмирида Инвестментс» і «Рад-Эв», сукупныя актывы якіх дасягнулі 2,9 млрд рублёў. Абедзве фірмы пры гэтым працавалі ў страту (158,4 млн і 72 млн рублёў адпаведна) і, паводле даных «Вёрсткі», не вядуць аперацыйнай дзейнасці.