Ізраіль абвясціў пра новы этап вайны з Іранам
- 5.03.2026, 23:54
- 2,174
Будуць «нечаканыя крокі».
Армія абароны Ізраіля пераходзіць да наступнага этапу вайны супраць Ірана. Удары па іранскіх аб’ектах будуць узмоцнены.
Пра гэта заявіў начальнік Генштаба ЦАХАЛа Эяль Замір, паведамляе Jerusalem Post.
«Цяпер мы пераходзім да наступнага этапу кампаніі, у ходзе якога ўзмоцнім удары па асновах рэжыму і яго вайсковых магчымасцях», — сказаў Замір.
Паводле яго слоў, першыя 24 гадзіны аперацыі Roaring Lion («Рыкаючы леў») сталі вырашальнымі: ізраільскія ВПС фактычна «праклалі шлях у Тэгеран».
«У нас ёсць дадатковыя нечаканыя крокі, якімі мы валодаем і якія я не збіраюся раскрываць», — адзначыў начальнік ізраільскага Генштаба.
Ён адзначыў, што з пачатку аперацыі ўдалося знішчыць:
каля 80% сістэм супрацьпаветранай абароны Ірана;
больш за 60% пускавых установак балістычных ракет
«Мы пазбаўляем рэжым яго вайсковых магчымасцяў, стратэгічна ізалюем яго і даводзім да ўзроўню слабасці, з якім ён ніколі раней не сутыкаўся», — падкрэсліў Замір.
Начальнік Генштаба падкрэсліў, што аперацыя праводзіцца ва ўмовах «гістарычнага супрацоўніцтва» дзвюх наймацнейшых армій свету (Ізраіля і ЗША), якія цяпер поўнасцю дамінуюць у небе над Іранам.
Ён растлумачыў, што зволікванне было недапушчальным, паколькі Тэгеран набліжаўся да «зоны імунітэту», пасля чаго пагроза ўзрасла б у разы.
Замір таксама выказаў спачуванні сем’ям амерыканскіх салдат, якія загінулі на працягу апошняга тыдня баявых дзеянняў.
Асобна кіраўнік Генштаба распавёў пра поспехі на ліванскім фронце. Мінулай ноччу ЦАХАЛ ліквідаваў кіраўніка агнявога падраздзялення «Хізбалы» па мянушцы Фідаа, адказнага за гібель ізраільскіх мірных жыхароў і вайскоўцаў.
«Мы нястомна будзем працаваць над ліквідацыяй пагрозы і не адступім ад нашай мэты раззброіць «Хізбалу», — падсумаваў ён.