Як вядомая дысыдэнтка і ўраджэнка Баранавіч Валерыя Навадворская раздала журналістам $40 тысяч
5- 4.03.2026, 12:38
- 3,060
Невядомая гісторыя.
Былы віцэ-прэм’ер Расіі, бізнесмен і грамадскі дзеяч Альфрэд Кох актыўна падтрымліваў дэмакратычны рух у Расіі, аказваў фінансавую дапамогу Барысу Нямцову. Сярод яго блізкіх знаёмых была і савецкая дысыдэнтка, ураджэнка беларускіх Баранавіч, Валерыя Навадворская. Пра гэта Альфрэд Кох распавёў у інтэрв’ю Юрыю Дудзю.
Дудзь спытаў у Коха, ці змянілася з часам яго ўспрыняцце Навадворскай, асабліва з улікам таго, што яна адной з першых папярэджвала пра небяспеку Пуціна. Кох адказаў, што ніякага пераасэнсавання не адбылося: ён заўсёды лічыў яе выдатнай асобай і ставіўся да яе з вялікай цеплынёй. Паводле яго слоў, яна была чалавекам «не з гэтага свету», пазбаўленым карыслівых матываў. Аднойчы, падараваўшы ёй да юбілею значную суму грошай — каля 40 тысяч долараў, — ён даведаўся, што яна раздала гэтыя сродкі журналістам часопіса «Новое время». Кох узгадваў, што нават папракнуў яе за гэта, але Навадворская тлумачыла, што не можа інакш, бо лічыць гэтых людзей сваімі таварышамі.
На пытанне, наколькі блізкімі былі яму ў той перыяд яе ацэнкі Пуціна, Кох прызнаў: тады яму здавалася, што яна трохі згушчае фарбы, хаця кірунак яе крытыкі ён лічыў правільным. Цяпер жа, паводле яго слоў, ён так больш не лічыць: «Пуцін дарос да яе планкі — тады не дацягваў, а цяпер дацягнуў».
Валерыя Ільінічна Навадворская нарадзілася ў 1950 годзе ў Баранавічах. Ужо ў 1969 годзе ў Маскве яна арганізавала падпольную групу для барацьбы з камуністычным рэжымам, за што была арыштаваная і асуджаная на тры гады зняволення. Пазней неаднаразова падвяргалася пераследу з боку савецкіх улад. У 1992 годзе яна заснавала партыю «Дэмакратычны саюз», пазней — партыю «Заходні выбар». Навадворская заставалася прынцыповай і бескампраміснай у крытыцы расійскай улады і Уладзіміра Пуціна аж да сваёй смерці ў ліпені 2014 года.