Кароль Вялікабрытаніі Карл III наведае ЗША з дзяржаўным візітам і сустрэнецца з Трампам
3- 31.03.2026, 22:54
Лондан паспрабуе наладзіць адносіны з Вашынгтонам.
Букінгемскі палац пацвердзіў, што кароль Карл III і каралева Каміла наведаюць Вашынгтон у канцы красавіка з дзяржаўным візітам. Пра гэта стала вядома на фоне рэзкага пагаршэння адносін паміж Дональдам Трампам і прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам, якога прэзідэнт ЗША раскрытыкаваў за недастатковую, на яго думку, падтрымку вайны супраць Ірана.
Паведамляецца, што ў гонар Карла ў Белым доме будзе ўладкаваны банкет, кароль таксама выступіць перад Кангрэсам ЗША. Іншыя падрабязнасці праграмы пакуль удакладняюцца. На зваротным шляху манарх наведае Бермудскія астравы — брытанскую заморскую тэрыторыю ў Атлантычным акіяне.
Трамп паведаміў у сацсетках, што візіт у ЗША адбудзецца з 27 па 30 красавіка, і яго праграма будзе ўключаць «цудоўную банкетную вячэру ў Белым доме вечарам 28 красавіка».
Рашэнне аб дзяржаўных візітах караля прымае ўрад Вялікабрытаніі. Афіцыйнае абвяшчэнне пра паездку затрымалася на фоне напружанасці ў адносінах дзвюх краін з-за вайны з Іранам, хаця практычная падрыхтоўка ўвесь гэты час працягвалася.
Сёлета Злучаныя Штаты адзначаюць 250-годдзе сваёй незалежнасці ад Вялікабрытаніі.
Паводле звестак BBC, кароль не плануе сустракацца са сваім малодшым сынам, прынцам Гары, які жыве ў ЗША і знаходзіцца ў напружаных адносінах з каралеўскай сям’ёй.