У РФ расследуюць дзейнасць ПВК «Ястраб» і яе заснавальніка Марущэнкі
- 31.03.2026, 22:08
- 1,264
Байцоў гэтай ПВК затрымлівалі ў Беларусі ў 2020-м.
Следчы камітэт (СК) РФ і ФСБ вядуць расследаванне ў дачыненні да прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) «Ястраб» і яе заснавальніка Аляксея Марущэнкі. Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ».
На дадзены момант Марущэнка і шэраг звязаных з ім асоб знаходзяцца ў СІЗА, іх абвінавачваюць у падмане амаль сотні чалавек. Навабранцы, што заплацілі мільёны рублёў, разлічвалі служыць менавіта ў ПВК — на больш выгадных умовах, чым у падраздзяленнях Мінабароны, але, як лічыць следства, сталі ахвярамі махлярства. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы фігуруюць абвінавачанні ў забойстве, вымагальніцтве, а таксама ў незаконным абароце зброі і выбуховых рэчываў.
ООО «ЧВК «Ястреб»» было зарэгістравана ў 2018 г. у Санкт‑Пецярбургу. У кампаніі заяўлялі, што новым байцам адначасова выплачвалі 1,8 млн руб., а штомесячная зарплата складала ад 210 000 руб. Пра дзейнасць кампаніі загаварылі ў 2020 г., калі ў Беларусі напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў» Лукашэнка затрымаў каля 30 расіян. Іх падазравалі ў падрыхтоўцы дзяржперавароту, але пазней перадалі Расіі і вызвалілі.
Паводле даных «Коммерсанта», у 2025 г. Марущэнку затрымалі ў Курскай вобласці — гарнізонны ваенны суд узяў яго пад варту. Разам з ім у СІЗА апынуліся заснавальнік бранскага ЧОП «Ягуар» Артур Велісевіч і яшчэ некалькі чалавек. Пазней фігурантаў справы этапавалі ў Маскву, дзе расследаваннем заняліся следчыя ГВСУ СК РФ.
Паводле версіі следства, абвінавачаныя ўвялі ў зман 95 чалавек, якія паступалі на ваенную службу па кантракце праз ваенны камісарыят. Ім абяцалі, што пасля заключэння кантракта з Мінабароны РФ яны фактычна будуць служыць у ПВК. Члены арганізаванай злачыннай групы прапаноўвалі будучым кантрактнікам перадаць грошы «за садзейнічанне ў паступленні на службу ў ПВК», на набыццё ваеннай маёмасці, на дапамогу сем'ям параненых і загінулых вайскоўцаў і пад іншымі надуманымі падставамі. Разам з гэтым, як лічаць у ГВСУ СК РФ, сумы, што паступілі на рахункі абвінавачаных, іх сем'яў і «даверных асоб», не пайшлі на заяўленыя мэты — іх прысвоілі арганізатары АЗГ. Гаворка ідзе пра шматмільённую афёру, у сувязі з чым фігурантам прад'яўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 159 КК РФ (махлярства).
Пазней да гэтай справы далучылі крымінальныя справы па п. «а» і «б» ч. 3 арт. 163 (вымагальніцтва групай асоб), п. «ж» ч. 2 арт. 105 (наўмыснае забойства, учыненае групай асоб) і па п. «а» ч. 4 арт. 226 КК РФ (крадзеж зброі арганізаванай групай).
Другі Заходні акружны ваенны суд па хадайніцтве Галоўнага ваеннага следчага ўпраўлення СК РФ 31 сакавіка працягнуў тэрмін арышту Марущэнкі.
Марущэнка — пецярбуржац з сям'і з ваеннымі традыцыямі, які называў сябе афіцэрам ГРУ і ўдзельнікам другой чачэнскай кампаніі. Як піша «Коммерсантъ», ён стаяў ля вытокаў стварэння ПВК «Мар» і «Ветлівыя людзі». Паводле слоў Марущэнкі, гэтыя кампаніі ўзніклі ў 2014 г. на фоне падзей ва Украіне і ў Крыме і з самага пачатку пазіцыянаваліся як «аб'яднанне добраахвотнікаў». Іх касцяк складаўся прыкладна з 70 баявых «штыкоў», яшчэ да 400 чалавек былі задзейнічаныя ў «гуманітарных» праектах.