«Гэта адна з найлепшых аперацый украінскіх спецслужбаў»
- 31.03.2026, 16:25
- 7,238
Расію можа чакаць яшчэ адна праблема з-за ўдараў ЗСУ па «нафтавай галіне».
Украіна ўжо тыдзень б'е па порце ў Усць-Лузе, а таксама па іншай інфраструктуры расіянаў на Балтыцы. Якіх вынікаў ужо ўдалося дасягнуць? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, прафесарам Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Пятром Алешчукам.
— Можна ўпэўнена казаць, што гэта адна з найбольш удалых аперацый, праведзеных украінскімі спецслужбамі, у першую чаргу Службай бяспекі Украіны.
Цэнтр «Альфа», які займаецца спецаперацыямі СБУ, ужо доўгі час, літаральна кожную ноч, наносіць удары па інфраструктуры двух партоў. Гэтыя парты адыгрываюць ключавую ролю ў расійскім экспарце нафты, нафтапрадуктаў, газавага кандэнсату. Гэта значыць усё тое, за што Расія атрымлівае асноўныя свае даходы. Раней Украіна ўжо наносіла ўдары па чарнаморскіх партах, але балтыйскія парты ў гэтым плане больш стратэгічна важныя. Акрамя таго, яны аддаленыя. Тым не менш Украіна здолела адпаведным чынам усё гэта арганізаваць. Перад гэтым ЗСУ сістэмна выбівалі расійскую СПА, каб пракласці маршруты для дронаў.
Паколькі Расія цалкам відавочна разумее, што выглядае ў гэтым плане не надта добра, яны ўжо прыдумалі канспіралагічную версію, маўляў, Літва, Латвія, Эстонія прапускаюць дроны праз сваю тэрыторыю. Але гэтая версія не вытрымлівае ніякай крытыкі. Так, асобныя дроны заляталі ў Эстонію, але гэта проста БПЛА, якія расійская сістэма РЭБ збіла з курсу, і толькі таму яны там аказваюцца. То бок насамрэч усе дроны ідуць праз тэрыторыю Расіі.
Мэта Украіны тут наступная: паводле паведамленняў Reuters, у выніку падобных атак абодва парты на Балтыцы спынілі сваю працу на нявызначаны час. Такім чынам, Расія страціла 40% экспарту нафты. Калі Расія разлічвала істотна нарасціць даходы за кошт росту цэн на нафту ў сувязі з вайной на Блізкім Усходзе, дык дзякуючы такой спецаперацыі Украіны можна казаць, што змяншэнне экспарту кампенсуе павелічэнне цэн. Таму Расія не зможа разлічваць на рост даходаў.
Стратэгічна, калі гэта ўдасца працягнуць на нейкі істотны час, Расія сутыкнецца з праблемамі, звязанымі з перапрадукцыяй нафты, якую нельга будзе экспартаваць або перапрацаваць. Ім давядзецца неяк кансерваваць свае нафтаносныя радовішчы, што даволі складана. І гэта нельга зрабіць на кароткі тэрмін.
Усё гэта можа стратэгічна несці для Расіі даволі сур'ёзныя праблемы, але будзе залежаць ад таго, наколькі доўга працягнуцца атакі на расійскія нафтавыя порты. Вядома, у гэтым плане паказальная заява прэзідэнта Украіны, які літаральна нядаўна ў інтэрв'ю паведаміў, што некаторыя партнёры Кіева на Захадзе настойваюць, каб ЗСУ зменшылі інтэнсіўнасць атак па нафтавай інфраструктуры Расіі. Відавочна, што гэта ідзе ў першую чаргу ад Злучаных Штатаў, якія цяпер старанна імкнуцца стрымаць рост цэн на нафту. Уласна кажучы, яны самі справакавалі сваёй вайной на Блізкім Усходзе гэты рост, а цяпер спрабуюць яго стрымліваць.
У выніку здымаюць санкцыі з расійскай нафты і нават з іранскай. У выніку Іран цяпер зарабляе больш грошай, чым да пачатку вайны на Блізкім Усходзе. Пры гэтым гучалі пастаянныя пагрозы, што Злучаныя Штаты выйдуць з перамоўнага працэсу, у іх скончацца ракеты і іншая зброя для паставак Украіне ў межах праграмы закупак для нас зброі Еўрапейскім саюзам. То бок, відавочна, аказваецца ціск на Украіну, але наша пазіцыя простая: хай Злучаныя Штаты дамагуцца спынення агню, і на гэтым абстрэлы спыняцца.
Больш за тое, Украіна нават згодная на спыненне агню ў энергетычнай сферы. Калі, напрыклад, Расія будзе ўстрымлівацца ад удараў па ўкраінскай энергетыцы, то і Украіна будзе ўстрымлівацца ад удараў па расійскай энергетыцы. Пакуль адказаў на гэтыя пытанні няма, таму Украіна працягне свае дзеянні.
— Сапраўды, стратэгія Украіны яўна не на карысць Трампу, які аслабіў санкцыі супраць расійскай нафты, каб не дапусціць рэзкага росту коштаў на энергарэсурсы. Ці гатовая Украіна ісці на абвастрэнне ў гэтым пытанні з ЗША?
— Уласна кажучы, Злучаныя Штаты самі пайшлі на абвастрэнне. У публічную прастору выйшла дыскусія з гэтай нагоды. У прыватнасці, прэзідэнт Украіны заявіў, што Злучаныя Штаты патрабуюць ад Украіны вываду войскаў з Данбаса як умовы для якіх-небудзь гарантый бяспекі. Марк Рубіо аспрэчыў гэтыя заявы. Абмен узаемнымі абвінавачваннямі працягваецца.
Думаю, у бліжэйшы час адбудзецца нейкая эскалацыя ў гэтых адносінах. Злучаныя Штаты, магчыма, лічаць, што цяпер аптымальны момант для перазагрузкі адносінаў з Расіяй.
Украінскае кіраўніцтва ўсё гэта выдатна разумее. У умовах, калі ЗША сваёй бездумнай палітыкай справакавалі рост коштаў на нафту, напэўна, гэта не зусім праблема Украіны, што яны ўсё гэта дапусцілі. І цяпер Украіна павінна думаць, як кампенсаваць тое, што Расія будзе атрымліваць значна больш грошай. Відавочна, усе гэтыя грошы будуць траціць на вайну супраць Украіны. Таму ў Украіны іншага спосабу не застаецца, а Злучаныя Штаты ёй нічога не прапануюць.