У Магілёве студэнтаў з Таджыкістана папярэдзілі пра смяротнае пакаранне
2- 30.03.2026, 16:18
- 2,462
Замежнікаў сабралі на лекцыю пра тэрарызм і экстрэмізм.
Студэнтаў з Таджыкістана, якія навучаюцца ў БГУТ, сабралі на прафілактычны круглы стол пад незвычайнай назвай «Экстрэмізм — грані разумнасці», адзначыў канал «MAYDAY.TEAM».
Мерапрыемства правяла выхавальніца інтэрната №2 дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій Галіна Стальмахова — куратар студэнтаў з Таджыкістана.
Яна патлумачыла студэнтам, што ў Рэспубліцы Беларусь асоба, прызнаная вінаватай у здзяйсненні акта тэрарызму, у залежнасці ад абставін злачынства і цяжару наступстваў, караецца альбо пазбаўленнем волі, пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем.
«Замежныя студэнты пазнаёміліся з такімі паняццямі, як «тэрарызм», «экстрэмізм»; відамі і накірункамі тэрарызму», — паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
Магілёўскі БГУТ з 2019 года рыхтуе спецыялістаў для кандытарскай фабрыкі ў Душанбэ, колькасць студэнтаў складае каля 20 чалавек. Пры гэтым студэнтаў з Узбекістана ў разы больш, аднак яны не ўваходзяць у «групу рызыкі» з прадузятым стаўленнем, пішуць магілёўскія праваабаронцы.
Мерапрыемства «па прафілактыцы экстрэмізму і міжнацыянальных канфліктаў» у БГУТ па часе супала з нядаўнім прысудам, вынесеным у Расіі 12 сакавіка фігурантам крымінальнай справы аб тэракце ў падмаскоўнай канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол». Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Вілаят Харасан», якая вербавала людзей з таджыкскай дыяспары.