Колькасць крам у Расіі скарацілася ўпершыню за 25 гадоў
6- 30.03.2026, 15:36
- 1,892
Масавыя банкруцтвы.
У Расіі ўпершыню за апошнія 25 гадоў зафіксавана зніжэнне колькасці гандлёвых кропак. Пра гэта піша расійскі Forbes са спасылкай на падлікі кансалтынгавай кампаніі INFOLine.
Паводле дадзеных INFOLine, толькі ў Маскве за мінулы год колькасць гандлёвых кропак скарацілася з 87 тысяч да 82,5 тысячы. У Санкт-Пецярбургу крам на пачатку 2025-га было каля 44 тысяч, на пачатку 2026-га — ужо 42,2 тысячы.
Паводле слоў заснавальніка кансалтынгавай кампаніі INFOLine Івана Федзякова, падобная тэндэнцыя назіраецца па ўсёй краіне:
«У цэлым па краіне сітуацыя не лепшая, чым у сталіцах. І гэта датычыцца ўсіх гандлёвых кропак — ад прадуктовых крам каля дома, супермаркетаў і кіёскаў з фруктамі да салонаў сувязі і крамаў адзення».
Так, напрыклад, буйнейшыя прадуктовыя сеткі ў перыяд ад студзеня да верасня 2025-га адкрылі каля 5300 крам па ўсёй краіне. Гэта на 30% менш, чым за аналагічны перыяд 2024 года. Некаторыя з іх закрывалі свае супермаркеты: так, на 10% скарацілі сетку «ВкусВилл» і «Светофор». Цягам 2025 года ў Расіі таксама закрыліся 12% крамаў адзення.
Сярод асноўных прычын скарачэння афлайн-гандлю эксперты называюць пашырэнне папулярнасці маркетплейсаў, рост сабекошту гандлю і зніжэнне яго маржынальнасці (у прыватнасці, з-за ўжорстчання міграцыйнага заканадаўства і павелічэння заробкаў), а таксама павышэнне падаткаў з 1 студзеня 2026 года.
«Скарачэнне колькасці крам адбываецца ўпершыню ў сучаснай гісторыі. Нават падчас пандэміі, калі галіна атрымала моцны ўдар, большасць крам, хоць і пэўны час стаялі зачыненымі, потым працягнулі працу. Калі ў 2022-м з рынку сыходзілі замежныя кампаніі і масава зачынялі крамы, на іх месцы вельмі хутка станавіліся расійскія рытэйлеры. Тады гэта не прывяло да скарачэння колькасці крам, а ў 2025-м, калі асаблівых узрушэнняў мы не назіралі, раптам зафіксавалі істотнае зніжэнне», — цытуе Forbes Федзякова.