Лекар з Беларусі: У Польшчы ў мяне заробак $7000 у месяц
12- 30.03.2026, 11:57
- 6,328
Медык распавёў пра адрозненні ў працы ў беларускіх і польскіх бальніцах.
— Лічу, што мне дапамог адаптавацца ў Польшчы мой лека́рскі досвед у Беларусі, — падзяліўся лекар з Беларусі Аляксандр на канале MPS.
У Польшчы Аляксандр працуе на SOR (аддзяленне неадкладнай дапамогі ў польскіх бальніцах, аналаг прыёмнага пакоя або хуткай дапамогі). У Беларусі ў яго быў вялікі досвед працы ў райцэнтры.
— Гэта была праца на хуткай дапамозе, у прыёмным аддзяленні, у інфекцыйнай бальніцы, часам мне ставілі змены ў кардыялогіі. А калі працуеш у кардыялогіі, ты адказваеш за звычайную кардыялогію, інфарктную і кансультацыі па ўсёй бальніцы і яшчэ ў іншай бальніцы горада.
Плюс я паспеў падчас кавіду папрацаваць у «бруднай» зоне ў паліклініцы, два месяцы ў кавідарыі, у цяжкіх аддзяленнях у бальніцы. А потым перакваліфікаваўся на гастраэнтэролага.
Таму ў мяне назапасіўся разнастайны досвед, і ў прынцыпе гэтага хапае, каб не баяцца працаваць на SOR у Польшчы.
Ты заўсёды ведаеш, што рабіць з пацыентам. Тут вялікі плюс у тым, што ёсць добрая дыягностыка. Гэта тое, чаго вельмі не ставала ў Беларусі.
То бок ты ведаеш, што ў любы момант можна зрабіць рэнтген, УГД, тамаграфію, калі трэба. І цябе ніхто за гэта лаяць не будзе.
Тут ёсць добрыя магчымасці дыягностыкі. І ў плане лячэння на SOR таксама ёсць усё, каб пацыента стабілізаваць, выратаваць, палечыць.
Можна зрабіць любы аналіз крыві. Вынік гатовы ад адной да 15 хвілін. Калі гаворым пра морфалогію, то гэта 20–30 хвілін, біяхімія, агульны аналіз мачы — максімум гадзіна.
У Беларусі ў прыёмным аддзяленні многае не прызначалі, бо не было рэактываў. Некаторыя аналізы з тых, што робім тут, у Беларусі рабілі толькі ў рэанімацыі.
Морфалогію, напрыклад, з трамбацытамі мы чакалі 60–70 хвілін, то бок больш за гадзіну. Аналіз мачы быў гатовы крыху хутчэй, але звычайна таксама гадзіну чакалі.
З таго, што мы маглі зрабіць у прыёмным аддзяленні, — гэта морфалогія крыві, агульны аналіз мачы і нешта па біяхіміі, але не ўсё.
Аляксандр жыве і працуе ў польскім горадзе з насельніцтвам сто тысяч чалавек. Пакуль ён, як і многія лекары-эмігранты, мае часовае права на медыцынскую практыку PWZ са спецыяльным дазволам на працу, які выдаецца на пэўны тэрмін і пры пэўных умовах.
— Я лічу, што ў мяне зараз добры заробак, у сярэднім 24–27 тысяч злотаў «чыстымі». Гэта 7000 долараў у месяц, бывае больш, бывае менш.
За месяц у мяне цяпер дзесяць дзяжурстваў. У мінулым годзе я працаваў менш, бо рыхтаваўся да экзаменаў. Сёлета працую больш, бо патрэбныя грошы.
Калі стану лекарам-спецыялістам, заробак павялічыцца. Лекары са спецыялізацыяй на SOR у Польшчы зарабляюць прыкладна 75 тысяч злотаў (больш за 20 тысяч долараў), лекар-ардынатар атрымлівае 100 тысяч злотаў (каля 27 тысяч долараў).
Праз тры гады ў эміграцыі беларус кажа, што задаволены тым, як усё склалася. Аднак спачатку часам было складана.
— Гэта быў складаны шлях: эміграцыя, мова, плюс трэба пачынаць усё з нуля ў прафесіі. Спачатку было так цяжка, што двойчы вельмі хацелася вярнуцца назад, проста ўсё кінуць і з'ехаць.
Былі такія моманты, таму што ў Беларусі ты сабе зарабіў імя, меў досвед, меў нейкія сувязі, пацыентаў, давер.
А тут спачатку ты ніхто, ты ставіш мачавы катэтар, вязеш на каталцы пацыента на КТ або проста здымаеш кардыяграму. Гэта цяжка эмацыйна, псіхалагічна на першых этапах.
Але была падтрымка калег, якія таксама ўсё гэта прайшлі, таксама нешта мелі ў Беларусі — пасаду, кіраўніцтва аддзяленнем, імя, рэпутацыю. І ўсе гэтак жа пачыналі тут з нуля. Яны мне казалі: «Пацярпі, проста патрэбны час».
І я паверыў, і цяпер сам таксама кажу тым, хто прыязджае: пацярпіце, патрэбны час, трэба заваяваць давер, зрабіць сабе імя, здаць экзамены, прайсці стажыроўку, каму трэба.
Але яно таго варта, усё акупляецца. І гэта ж не толькі пра грошы. Тое, што праца лекара тут добра аплачваецца, — гэта вельмі добры бонус.
Ёсць яшчэ адзін — гэта стаўленне пацыентаў. Я лічу, што тут яно больш паважлівае, чым у краінах СНД, былога Саюза.
Акрамя таго, тут ёсць добрыя магчымасці для лекара-спецыяліста. У яго тут наогул больш магчымасцей рэалізаваць сябе, адбыцца як спецыяліст. Для мяне гэта нават дзесьці больш, чым грошы.