Параза Орбана можа быць яшчэ больш разгромнай
9- 30.03.2026, 10:02
- 7,480
Венгерская апазіцыя лідзіруе нават у акругах, дзе «Фідэс» рэгулярна перамагала.
Апазіцыйная партыя «Ціса» мае высокія шанцы перамагчы шматгадовых дэпутатаў ад правячай партыі «Фідэс» у шэрагу выбарчых акругаў, дзе раней кандыдаты ад партыі Віктара Орбана рэгулярна перамагалі з высокімі вынікамі.
Пра гэта сведчаць вынікі апытанняў Даследчага цэнтра 21 па замове партыі «Ціса», паведамляе «Еўрапейская праўда».
Згодна з апублікаванымі дадзенымі, кандыдаты ад апазіцыі лідзіруюць нават у некаторых акругах, дзе чатыры гады таму прадстаўнікі «Фідэс» атрымлівалі ўпэўненую перамогу з вынікам больш за 50% галасоў.
Сітуацыя несуцяшальная для кандыдатаў партыі Віктара Орбана ў гарадах Бая, Секешфегервар, Мішкольц, Печ, а таксама ў некалькіх акругах вакол Будапешта.
Найбольшай нечаканасцю стала акруга ў горадзе Бая (Бач-Кішкун 6), дзе прадстаўнік «Фідэс» Роберт Жыго не прайграваў ні на якіх выбарах з 1998 года. У 2022 годзе ён апярэдзіў апазіцыю на 24,5 працэнтных пунктаў. Аднак свежыя апытанні паказваюць, што цяпер ён саступае кандыдату ад «Цісы» Бенце Чонтошу. Сярод тых, хто вызначыўся, разрыў складае 49% супраць 45% на карысць апазіцыянера.
Апытанні адзначаюць імклівае змяненне электаральных сімпатый у апошні перыяд перад выбарамі. Напрыклад, у мястэчку Дабаш (Пешт 13) яшчэ напрыканцы лютага паміж кандыдатамі была фактычная нічыя. Аднак на працягу сакавіка рэйтынг прадстаўніка «Цісы» вырас на 6 пунктаў, тады як падтрымка кандыдата ад улады ўпала.
Эксперты адзначаюць, што партыя «Фідэс» апынулася ў складанай сітуацыі, нягледзячы на тое, што амаль ва ўсіх акругах выставіла дзейных дэпутатаў. Хоць яны значна больш вядомыя за сваіх апанентаў з «Цісы», запыт на змены аказаўся моцным.
Апытанні праводзіліся метадам тэлефоннага інтэрв’ю ў лютым і сакавіку 2026 года. Выбарка ў акругах складала ад 600 да 800 чалавек, памылка – 4%.