У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі
2- 28.03.2026, 20:26
- 1,190
Падчас шэсця беларусы неслі сцяг даўжынёй 330 метраў.
Сёння, 28 сакавіка, з 16:00 па польскім часе (з 18:00 па беларускім) беларусы ў Варшаве сабраліся на плошчы Трох Крыжоў. Адтуль яны пайшлі шэсцем на Замкавую плошчу, дзе запланаваныя мітынг і кірмаш з нагоды Дня Волі, паведамляе «Белсат».
А 16-й гадзіне пачаўся збор на плошчы Трох Крыжоў — каля касцёла святога Аляксандра. Гэта месца знаёмае беларускім католікам: тут праводзяць імшы спецыяльна для беларусаў.
Удзельнікі шэсця выйшлі з плакатамі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў Мікіту Емяльянава, Аляксандра Францкевіча, Любоў Рэзановіч, Уладзіміра Гундара і іншых вязняў сумлення.
З плошчы Трох Крыжоў шэсце, у якім узялі ўдзел некалькі соцень чалавек, прайшло па варшаўскім Новым Свеце да Замкавай плошчы.
Падчас шэсця беларусы расцягнулі сцяг даўжынёй 330 метраў.
Увечары на Замкавай плошчы плануюцца вялікі канцэрт беларускіх музыкаў, а таксама святочны кірмаш з працамі беларускіх майстроў, кнігамі і дранікамі ад палітвязняў.
Перад удзельнікамі мітынгу выступяць музыкі. Анансаваныя выступленні гурта Shuma і Вольнага хору.











