28 сакавiка 2026, Субота, 21:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі сустрэўся з украінскай камандай экспертаў у Катары

Зяленскі сустрэўся з украінскай камандай экспертаў у Катары

Ужо ёсць канкрэтныя рашэнні.

Сёння, 28 сакавіка, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з украінскай камандай экспертаў, якая працуе ў Катары, і заслухаў іх даклад пра сітуацыю з бяспекай і вынікі супрацоўніцтва.

Спецыялісты ўжо ацанілі магчымасці краіны па адбіцці паветраных пагроз і прапанавалі канкрэтныя рашэнні для ўмацавання абароны неба.

- Каманда украінскіх экспертаў працуе ў Катары, дзе дзеліцца нашым досведам і экспертызай. Я сёння сустрэўся з нашай камандай, заслухаў падрабязны даклад пра іх працу. Важна, што нашы спецыялісты ўжо правялі комплексную ацэнку сітуацыі з бяспекай, ацанілі здольнасці Катара да адбіцця паветраных пагроз і выпрацавалі канкрэтныя, практычныя рашэнні для ўмацавання абароны неба, — расказаў Зяленскі ў тэлеграм-канале.

Ён таксама падкрэсліў, што ўкраінская праца атрымала высокую ацэнку на найвышэйшым узроўні кіраўніцтва Катара.

- Падчас сустрэчы з эмірам Катара, шэйхам Тамімам бін Хамадам Аль Тані, для мяне было прынцыпова важна асабіста пачуць такую высокую ацэнку працы нашых хлопцаў і шчырую падзяку за іх кансультацыі. Гэта пацвярджае, што ўкраінскі досвед сёння сапраўды запатрабаваны і эфектыўны, — падкрэсліў прэзідэнт.

Зяленскі адзначыў, што ключавым выклікам для рэгіёну застаюцца ракетныя і дронавыя атакі.

- Удары балістычнымі ракетамі і дронамі — гэта цяпер тут, у рэгіёне, самы вялікі выклік для бяспекі. І калі супраць балістычных ракет эфектыўна працуюць пераважна сістэмы супрацьпаветранай абароны, то ў барацьбе з дронамі Украіна змагла выпрацаваць іншыя рашэнні — значна больш танныя, больш гнуткія і адначасова эфектыўныя. Яны ўжо даказалі сваю выніковасць у супрацьдзеянні розным тыпам беспілотнікаў, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Менавіта таму, паводле яго слоў, украінскі досвед выклікае цікавасць у партнёраў.

- Мы бачым сапраўдную зацікаўленасць Катара ў нашым досведзе, бо гэтыя рашэнні ўжо прайшлі выпрабаванне ва ўмовах вайны і паказалі, што могуць эфектыўна працаваць нават супраць складаных пагроз, — дадаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гатоўнасць Украіны да доўгатэрміновага партнёрства.

- Украіна заўсёды адкрытая да таго, каб дзяліцца сваёй экспертызай і дапамагаць тым краінам, якія, у сваю чаргу, могуць дапамагчы нам умацоўваць уласную абарону. І цяпер мы бачым гатоўнасць Катара да доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў розных напрамках — ад бяспекі да тэхналогій, — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Асобна ён адзначыў важнасць стабільнасці ў рэгіёне і сумеснага супрацьдзеяння пагрозам.

- Надзвычай важна аднавіць стабільнасць у рэгіёне, каб людзі не цярпелі ад тэрарыстычных іранскіх удараў. Мы падтрымліваем падыход, пры якім краіны дапамагаюць адна адной, бо менавіта так фармуецца больш моцная глабальная бяспека. Чым больш узаемнай падтрымкі, тым больш бяспекі ў свеце, — рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках