28 сакавiка 2026, Субота, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У аўто ганаровага консула Беларусі ў еўрапейскай краіне знайшлі пісталет

3
У аўто ганаровага консула Беларусі ў еўрапейскай краіне знайшлі пісталет

Ён паспрабаваў патлумачыць інцыдэнт.

Нядаўна ў Чарнагорыі на памежным пераходзе затрымалі грамадзяніна Босніі і Герцагавіны, у аўтамабілі якога знайшлі пісталет. Аўтамабіль належыць ганароваму консулу Беларусі ў Босніі і Герцагавіне — Недельку Элеку.

Як паведамляе «Зеркало», сам дыпламат растлумачыў балканскай службе «Радыё Свабода», што адбылося.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 26 сакавіка на памежным пераходзе «Шчэпан Поле». Паводле чарнагорскай паліцыі, за стырном аўтамабіля Audi A8 знаходзіўся 44-гадовы жыхар Сараева. Падчас агляду ў багажніку, у дарожнай сумцы пад адзеннем, выявілі пісталет Glock 45 з магазінам і 17 патронамі.

У паліцыі таксама заявілі, што затрыманы адносіцца да катэгорыі «замежных асоб, якія ўяўляюць аператыўную цікавасць». Пасля выяўлення зброі яго затрымалі, а справу перадалі ў пракуратуру.

Прокурор пастанавіў пазбавіць мужчыну волі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства — незаконнага захоўвання і нашэння зброі і выбуховых рэчываў. Сам пісталет і боепрыпасы былі часова канфіскаваныя.

Ганаровы консул Беларусі ў Босніі і Герцагавіне Неделько Элек пацвердзіў, што затрыманы — ягоны вадзіцель. Ён настойвае, што парушэння па сутнасці няма.

«Чалавек працуе, у яго ёсць пісталет, у яго ёсць дазвол і на захоўванне, і на нашэнне. Нічога незаконнага не знойдзена», — заявіў ён.

Паводле слоў консула, праблема ў тым, што вадзіцель не задэклараваў зброю пры ўездзе ў Чарнагорыю: «Ён не паведаміў пра гэта пры ўездзе ў Чарнагорыю, затое паведаміў пры выездзе, сказаў, што ў яго ёсць пісталет. Тады яго затрымалі, цяпер ён у суддзі па справах аб дробных правапарушэннях, верагодна, абыдзецца штрафам».

Канчатковае рашэнне па справе будуць прымаць судовыя органы Чарнагорыі.

Нагадаем, першае ганаровае консульства Беларусі ў Босніі і Герцагавіне (у горадзе Пале) адкрылі ў 2020 годзе, яго ўзначаліў Неделько Элек.

Яго лічаць чалавекам, блізкім да экс-прэзідэнта Рэспублікі Сербскай (утварэння ў складзе Босніі і Герцагавіны) Міларада Додзіка. Калі той яшчэ кіраваў рэгіёнам, Элек наведваў разам з ім Беларусь у 2024 годзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках