28 сакавiка 2026, Субота, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліва ў Польшчы патаннее яшчэ да Вялікадня

1
Паліва ў Польшчы патаннее яшчэ да Вялікадня

Сенат і прэзідэнт аператыўна зацвердзілі ўрадавы пакет захадаў.

У Польшчы прынялі пакет законаў, які зніжае акцызы і ПДВ на паліва. Чакаецца, што цэны на запраўках знізяцца ўжо ў найбліжэйшыя тыдні — літр бензіну можа патаннець на 1 злоты 20 грошай. Праграма стала адказам на паліўны крызіс і рост цэн на фоне канфлікту на Блізкім Усходзе, перадае «Польскае радыё».

Зніжэнне цэн на паліва павінна стаць заўважным на польскіх запраўках яшчэ да велікодных святаў, то бок да 5 красавіка. Учора адпаведныя законы без паправак практычна імгненна прынялі спачатку Сейм Польшчы, а затым Сенат. Праз некалькі гадзін іх падпісаў прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі проста ў самалёце падчас паездкі ў ЗША.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў учора, што ўрад вырашыў паскорыць працу над законапраектамі аб зніжэнні цэн на паліва з-за інфармацыі пра магчымы рост напружанасці на Блізкім Усходзе.

За апошні тыдзень цэны на запраўках у Польшчы выраслі ад некалькіх грошай да 2 злотых (0,5 еўра) у залежнасці ад рэгіёна і віду паліва.

Урадавы пакет законаў прадугледжвае зніжэнне акцызаў і ПДВ на паліва. Літр бензіну павінен патаннець на 1 злоты 20 грошай (30 еўрацэнтаў).

Вадзіцелі ў Польшчы задаволеныя ўрадавай праграмай «Ніжэйшыя цэны на паліва»:

— Вельмі добрае рашэнне. Урад паказвае, што бачыць праблему і стараецца знайсці рашэнне ў адпаведны момант. Я не лічу, што гэта рашэнне спазнелае. Я задаволены.

— Чуў, што будзе прыблізна на 1 злоты 20 грошай танней. Пры цяперашніх цэнах гэта вельмі многа. Павінна быць яшчэ танней.

— Рост цэн на паліва апошнім часам я асабліва не адчула. Усё роўна даводзілася запраўляцца. Таму гэта быў кароткі перыяд.

Праграма ўрада Польшчы па зніжэнні цэн на паліва з'яўляецца адказам на паліўны крызіс, звязаны з працягваючымся канфліктам на Блізкім Усходзе і асцярогамі далейшага росту цэн на паліва.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках