28 сакавiка 2026, Субота, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку далі тры дні

3
Лукашэнку далі тры дні

У пятніцу ўсё цудоўным чынам змянілася.

У ноч з 23 на 24 сакавіка Беларусь пакінулі першыя літоўскія фуры, якія беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі ў адказ на перакрыццё Літвой мяжы ў кастрычніку мінулага года. Мяжу ўжо адкрылі ў лістападзе, але праблема не вырашалася. У абмен на вызваленне грузавікоў Мінск дамагаўся ад Літвы перамоў на найвышэйшым дыпламатычным узроўні.

Але мінулай пятніцай усё цудоўным чынам змянілася.

Тры дні на роздум

«Гэтае рашэнне да панядзелка я абавязаны прыняць. Цягнуць не трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм ці валакіта. Я прыму рашэнне і, думаю, з панядзелка мы пачнем працэс вяртання гэтых фур. Вярнём мы гэтыя фуры», — сказаў Лукашэнка сваім журналістам на наступны дзень пасля перамоў са спецпасланнікам Трампа Джонам Коулем.

Чаму ён абавязаны вырашыць да панядзелка і хто даў Лукашэнку тры дні, ён, вядома, не ўдакладніў. Але ў любым выпадку высветлілася, што гэтую, здавалася б, невырашальную праблему можна вырашыць у найкарацейшыя тэрміны. Галоўнае — мець правільныя стымулы. І сапраўды, ужо ў панядзелак Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, што літоўскія грузавікі могуць пакінуць Беларусь.

Пры гэтым дзеля дабрабыту літоўскіх перавозчыкаў беларускія мытнікі гатовыя працаваць не пакладаючы рук. ДМК накіраваў прапановы літоўскім калегам наконт больш інтэнсіўнай працы пунктаў пропуску, пакуль усе грузавікі не акажуцца на свабодзе.

«Мы гатовыя выпускаць столькі грузавікоў, колькі прыме сумежная краіна», — сказаў кіраўнік мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.

Праўда, не бясплатна. Спачатку трэба заплаціць за беларускае гасцінства. Але калі першапачаткова сума выкупу была ўстаноўленая з разліку 120 еўра за машыну ў суткі, то пасля перамоў з Коулем беларускія ўлады згадзіліся зменшыць яе ў разы.

«Просяць, каб гэтыя цэны на стаянкі панізілі. Разумеем: калі гэтую цану з іх узяць, яны палову гэтых аўтамабіляў не забяруць, таму што там ужо цана будзе вышэйшая, чым яны куплялі. Мы ім, хутчэй за ўсё, еўрапейскую цану ўсталюем. Як у іх ёсць невялікая мытная цана. Заплацілі за стаянку гэтыя капейкі — забірайце», — тлумачый Лукашэнка.

Хоць заплаціць давялося ўсё ж не капейкі. Новая сума выкупу была ўстаноўленая з разліку 40 еўра за грузавік з прычэпам у суткі. І гэта насамрэч усё адно вышэй, чым плата за стаянку ў еўрапейскіх краінах або стандартная стаўка, якая дзейнічае ў Беларусі. Як распавялі кіроўцы першых грузавікоў, што ўехалі ў Літву, за чатыры месяцы прастою ў Беларусі ім давялося заплаціць больш за шэсць тысяч еўра. Навіны Беларусі

З вамі ўсё зразумела

І гэта тое, што важна разумець пра беларускія ўлады. Не атрымалася з перамовамі на найвышэйшым дыпламатычным узроўні? Не змаглі выбіць выкуп па поўнай? Дык мы ўсё роўна крыху, крышачку, схітруем, стаўку злёгку падвысім — усё роўна ніхто правяраць не будзе — і лішнюю капейчыну ўсё ж такі сарвём.

Хаця ў маштабах дзяржавы гэта ж сапраўды капейкі. Паводле даных ДМК, на тэрыторыі Беларусі было 1900 грузавікоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. З іх непасрэдна грузавікоў — тысяча сто. То-бок у выніку ўсёй гэтай афёры з узятымі ў закладнікі літоўскімі фурамі Беларусь атрымае нешта каля 7 мільёнаў еўра. Гэта ўсе бонусы, якія мы атрымаем за сапсаваныя адносіны з суседзямі.

Хаця можна ж было скарыстацца выпадкам, каб паспрабаваць нармалізаваць адносіны. Ну калі ўсё роўна нічога не дамагліся, калі фуры ўсё роўна давялося адпускаць, дык зрабіце жэст добрай волі. Хоць бы зніжку нейкую дайце замест таго, каб задзіраць цану.

Не кажучы ўжо пра тое, што ў межах жэста добрай волі іх варта было б наогул бясплатна адпусціць. Бо хто каму павінен — гэта ж вялікае пытанне. Насамрэч літоўскія перавозчыкі могуць запатрабаваць ад Беларусі кампенсацыі за тое, што іх фуры прастаялі тут чатыры месяцы проста таму, што каму-небудзь гэтага раптам захацелася.

І дарэчы, некаторыя яшчэ, можа, пададуць, калі грузавікі апынуцца на бяспечнай ад беларускіх уладаў адлегласці. У любым выпадку прэм’ер Літвы ўжо заявіла, што кампенсацыю павінна плаціць Беларусь. То-бок у Літве рашэнне Аляксандра Лукашэнкі не ацанілі і жэстам добрай волі не лічаць.

«На наш погляд, гэтыя грузавікі былі незаконна затрыманыя і пакінутыя на тэрыторыі Беларусі, а цяпер гаворка ідзе пра аплату. Калі б была добрая воля і нармальныя адносіны, іх проста вызвалілі б», — сказаў 24 сакавіка ў інтэрв’ю літоўскаму тэлебачанню старшыня камітэта па замежных справах літоўскага сейма Рэмігіюс Мотузас.

То-бок зразумела, што пакуль ляцяць зонды з кантрабандай, мігранты-нелегалы прарываюцца праз мяжу, цяжка казаць пра радыкальнае паляпшэнне адносін. Але можна было зрабіць першы крок. Прыкласці мінімум намаганняў. Для пачатку наступіць на горла ўласнай жаднасці. Асабліва калі ты хочаш, каб твае калійныя ўгнаенні зноў пусцілі ў Клайпедскі порт.

Аляксей Мазартаў, «Беларусы і рынак»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках